Славянскія жанчыны па праве лічацца аднымі з самых прыгожых у свеце. Сваёй натуральнасцю і прывабнасцю яны славіліся спакон вякоў. Але як без касметолагаў і розных запатрабаваных спецыялістаў нашага часу яны захоўвалі маладосць і здароўе? Паспрабуем разабрацца.
Аўтарка кнігі "Літоўская гаспадыня" Ганна Цюндзявіцкая лічыла, што прыгажосць – гэта божы дар, які трэба зберагаць, але больш важныя за яе – сям’я і хатнія абавязкі.
"На мой погляд, няма нічога больш грэблівага і нікчэмнага, чым гаспадыня, якая занядбала хатнія абавязкі і шмат часу траціць на захоўванне і догляд сваёй прыгажосці, ператварыўшы гэта ў адзіную мэту і занятак свайго жыцця. Аднак прывабнасць і чароўнасць нароўне з дабрачыннасцю і мяккасцю з’яўляюцца галоўнымі рысамі, якімі боская воля зрабіла ласку надзяліць жанчын", - пісала яна.
Ва ўсе часы высока цанілася жаноцкасць, якая на думку гэтай выбітнай жанчыны не магла існаваць без унутраняга спакою і знешняга здароўя, якія заўжды адлюстроўваюцца на твары. Роўны настрой набываецца ўменнем валодаць сабой, а здароўе і бадзёрасць цела дасягаецца ўстрыманнем, правільным ладам жыцця і строгім выкананнем правіл ахайнасці.
Лёгкія стравы і ніякага віна
У сярэдзіне XIX стагоддзя было распаўсюджана штодзённае халоднае купанне як летам так і зімой. Лічылася, што такія водныя працэдуры не толькі добры сродак захавання свежай скуры, яшчэ яно "загартоўвае нервы, гэтак цяпер у жанчын аслабленыя і раздражнёныя".
Цюндзявіцкая лічыла, што ўлетку лепей купацца ў рацэ, а зімой - у вадзе пакаёвай тэмпературы, налітай у ванну ў цёплым пакоі. Жанчына павіннна была апусціцца ў ваду па шыю і пасля некалькіх хвілін рухаў і націрання выйсці з ванны і моцна расцерці ўсё цела фланэллю. Потым належыла цёпла апрануцца і хутка хадзіць па пакоі палову гадзіны, каб разагрэцца. Каб падтрымваць добры стан здароўя, акрамя водных працэдур неабходна было ў любую пару года штодзённа гуляць пешшу на свежым паветры.
У прыклад жанчынам Цюндзявіцкая ставіла вядомую ў тыя часы прыгажуню Заёнчкаву, "якая ні быта другая Ninon de I’ Enclos, захавала прывабнасць маладосці амаль да васьмідзесяці гадоў". Аўтарка энцыклапедыі распавядала, што прыгажуня спала на лямцавым матрасе і гэткай жа падушцы, чым зберагла добрую постаць, свежую скуру і пазбегла выпадзення валасоў. Да таго ж ела яна пакрыху і пераважна лёгкія стравы, куды ніколі не ўваходзілі вострыя прыправы і моцныя булёны, пры гэтым ежа была заўсёды ахалоджаная.
Ninon de I’ Enclos (1615-1705) - знакамітая французская куртызанка, пісьменніца і гаспадыня літаратурнага салона. Знакамітая тым, што захавала сваю прывабнасць практычна да самай смерці на дзявятым дзясятку. Даглядала твар пры дапамозе кавалачка замшы і вады. Вядома яе выказванне: "Калі ўжо Богу было заўгодна даць жанчыне зморшчыны, ён мог бы, зрэшты, частку з іх памясціць на падэшвах ног!".
Ганна Цюндзявіцкая ж лічыла, што прыгажуні не варта ўжываць свініну, а таксама моцныя напіткі - каву, шакалад з ваніллю, віно, піва і г.д. Крынічная вада – самы лепшы і здаровы напітак для дам. Падкрэслівала яна і неабходнасць выхоўваць у сабе добры густ, каб у любой вопратцы быць вытанчана элегантнай. Лічыла, што важна кожнай даме насіць гарсэт, але не варта яго моцна заціскаць, каб не загубіць сабе: "Няўжо ж стан на цалю танчэйшы можа папоўніць страту зубоў, смурод з рота, кругі пад вачамі і смугласць скуры? А ўсё гэта звычайны вынік сціскання сябе гарсэтам, не кажучы ўжо пра далейшыя адхіленні, яшчэ больш сумныя і пагібельныя для здароўя тых жанчын, што з’яўляюцца ці будуць мацярамі".
Сродкі для белага і гладкага твару
Лічылася, што маладыя паненкі і дзяўчаткі павінны дзень і ноч насіць пальчаткі ці пульсэткі, інакш рукі іх ніколі не будуць белымі і далікатнымі. Каб пальцы былі тонкімі некаторыя мацеры, прымушалі сваіх дачок змалку насіць пальчаткі цесныя на кончыках пальцаў. Цюндзявіцкая з гэтым не згаджалася, падкрэсліваючы, што ўрачы супраць перашкоджання раўнамернаму кровазвароту ў любой частцы цела, паколькі гэта пагібельна для здароўя, асабліва ў маладым узросце.
Гэтакіх жа клопатаў патрабавалі і ногі. Нельга было ім даваць залішне расці з дзяцінства. Неабходна было сціскаць іх абуткам цесным і крыху больш доўгім чым ступня, і абавязкова яго замяняць, як толькі пачынаў выходзіць з формы.
Для таго, каб падабацца мужу, Цюндзявіцкая раіла кожнай жанчыне не пагарджаць усялякімі "прыстойнымі" сродкамі для зберажэння прыгажосці і маладосці як мага даўжэй. Так, каб змякчыць скуру і зберагчы яе надоўга свежай і маладой, пісменніца і збіральніца народных рэцэптаў раіла:
Загарэлы твар не цанілі ні шляхцянкі, ні сялянкі. Вясковыя дзяўчаты каб пазбегнуць празмернага загару, імкнуліся на Вялікдзень на досвітку памыць твар халоднай, калодзежнай вадой, каб быць ўвесь год румянай, у тую ж раніцу качалі па твары чырвонае яйка, а каб у сінявокіх вочы былі яркімі, датыкаліся да іх кветкамі пралесак, прыгаворваючы: "Будзьце вочкі, як пралескі". Як і сялянкі, шляхцянкі, каб хутка пазбавіцца загару, нанач некалькі разоў абмываліся густым кіслым малаком.
Як і твар, рукі не рэкамендавалася мыць вадой з калодзежа ці крыніца. Для гэтага выкарыстоўвалі толькі дажджавую вацу ці ўзятую з ракі ці сажалкі. Замест мыла, якое робіць скуру грубай і выклікае лушчэнне, трэба было выкарыстоўваць міндальнае вотруб’е, муку з гароху, фасолі і бобу.
Калі скура пачала лупіцца, варта разагрэць увечары над свечкай у лыжцы піва з кавалачкам чыстага тлушчу казы, намазаць гэтай сумессю рукі і спаць у пальчатках усю ноч. Паўтарыць некалькі вечароў. Таксама рэкамендавалася расцерці алей какавы з жаўтком крута зваранага яйка, нанесці сумесь на рукі і спаць у пальчатках.