Хопіць усюды шукаць негатыў: акторка рускага "Чарнобыля" адказала крытыкам

Паводле слоў жанчыны падзеі аварыі на Чарнобыльскай АЭС у серыяле паказаны "вельмі праўдападобна".
Sputnik

Пенсіянерка Людміла Грышкавец са Слуцка выпадкова даведалася, што расійскі рэжысёр Аляксей Мурадаў прыедзе здымаць серыял "Чарнобыль" у Беларусь. Інфармацыю пра тое, што патрабуюцца акцёры масоўкі знайшла на старонках мясцовай газеты і адразу ж загарэлася ідэяй паўдзельнічаць.

"Мой муж быў у ліку ліквідатараў, якія знаходзіліся ў месцы аварыі літаральна ў першыя гадзіны. Ездзіў туды тры разы і страціў там здароўе. У мінулым годзе яго не стала і я вырашыла, што ўдзел у здымках - мой абавязак, даніна памяці", - распавядае жанчына.

Яна была на здымках у Слуцку, Старых Дарогах і Мінску. Як заяўлялі ў інтэрв'ю стваральнікі серыяла, выбару лакацый яны надалі асаблівую ўвагу і "знайшлі месцы, дзе час, здаецца, спыніўся ў 80-ых гадах".

Хопіць усюды шукаць негатыў: акторка рускага "Чарнобыля" адказала крытыкам

Здымкі ў расійскім "Чарнобылі" - першы акцёрскі вопыт для Людмілы. У 6 раніцы яна разам з іншымі акцёрамі масоўкі павінна была прыехаць за касцюмамі і на грым - у Слуцку месцам дыслакацыі быў Дом Афіцэраў. Падрыхтоўка займала каля дзвюх гадзін, а далей людзі адпраўляліся на здымачную пляцоўку, дзе праводзілі ў сярэднім па 10-12 гадзін. Плацілі кожнаму па-рознаму - у сярэднім 20-50 рублёў, жадаючым прапаноўвалі ежу з мінскага рэстарана.

"Мяне ўразіла працаздольнасць рэжысёра і акцёраў. Некаторыя сцэны даводзілася пераздымаць па некалькі разоў з-за нашай няўважлівасці: хтосьці ўсміхнуўся не своечасова, хтосьці забыўся выключыць мабільны тэлефон", - успамінае Людміла.

Хопіць усюды шукаць негатыў: акторка рускага "Чарнобыля" адказала крытыкам

Самым яркім і адначасова самым складаным эпізодам здымак для пенсіянеркі стала эвакуацыя з вакзала: людзям давялося тоўпіцца, штурхаць адзін аднаго, каб патрапіць у свабодны аўтобус.

Жанчына павінна была наступіць на дзіцяці, якое адбілася ад родных і ўпала.

"Калі пачалася здымка і дзіця ўпала, мне падалося, што нешта пайшло не так. Замест таго, каб ступіць ў пары сантыметраў ад галавы дзіцяці і пабегчы далей, я яго падхапіла на рукі чыста інстынктыўна", - дзеліцца ўражаннямі Людміла.

Яна разгубілася і спынілася, разумеючы, як памылілася. Эпізод прыйшлося пераздымаць, але перад гэтым другі рэжысёр Наталля Кабанава супакойвала: "Не перажывайце, вы паступілі як маці".

"Усё атрымалася максімальна праўдападобна"

Яшчэ адна задача, якую ставіла перад сабой Людміла - убачыць на ўласныя вочы, як будуць перадаваць падзеі Чарнобыльскай катастрофы ў серыяле. Ацаніць дакладнасць дазваляюць гісторыі мужа: ён шмат распавядаў пра працу ліквідатараў.

Жанчына сцвярджае, што тыя моманты, у якіх ёй давялося паўдзельнічаць, атрымаліся максімальна праўдападобнымі.

У перапынках паміж здымкамі давялося пагаварыць з каскадзёрамі і акцёрамі. Насуперак чаканням случанкі, усе яны апынуліся вельмі прыязнымі і ветлымі, без лішняга пафасу.

Хопіць усюды шукаць негатыў: акторка рускага "Чарнобыля" адказала крытыкам

Ёй удалося нават перакінуцца парай слоў з рэжысёрам Аляксеем Мурадавым - даведацца пра яго ўражанні ад здымак і самой расказаць, чаму так хацела патрапіць сюды.

"Я пайшла на здымку не дзеля грошай. Успрымаю як гонар магчымасць паўдзельнічаць у такой эпахальнай падзеі", - распавядае пенсіянерка.

Нашумелы амерыканскі серыял яна пакуль не глядзела. Кажа, што да выхаду рускай версіі "Чарнобыля" не будзе гэтага рабіць.

"Убачыла некалькі каментароў крытыкі да трэйлера і хачу сказаць: нельга крытыкаваць увесь фільм з-за роліка даўжынёю ў некалькі хвілін. Негатыў адносна да рускага серыяла мне не падабаецца, недахопы ёсць як у нас, так і ў HBO", - упэўненая яна.

Расійскі серыял "Чарнобыль" выйдзе на экраны ў 2019 годзе. Стваральнікі запэўніваюць, што гэта будзе першы расійскі 12-серыйны фільм, якія крок за крокам прадставіць гісторыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дзеянне серыяла разгортваецца з красавіка па снежань 1986 года, ролі выканалі Ігар Пятрэнка, Надзея Міхалкова, Дзмітрый Ульянаў, Марыя Андрэева, Уладзімір Юматаў і іншыя.