МІНСК, 5 жні - Sputnik. Нормы расходаў на харчаванне асобных катэгорый навучэнцаў ва ўстановах адукацыі павялічаны ў Беларусі, адпаведнае рашэнне прыняў Саўмін.
Нормы расходаў замацаваны пастановай Саўміна №504 ад 31 ліпеня 2019 года.
Згодна з дакументам, нормы расходаў на харчаванне ў яслях, яслях-садах, дзіцячых садках, дашкольных цэнтрах развіцця дзіцяці, спецыяльных яслях-садах і дзіцячых садках, вучэбна-педагагічных комплексах выраслі на 10%.
У сярэднім на 10% павялічаны нормы расходаў таксама для школьнікаў, гімназістаў, ліцэістаў і некаторых іншых навучэнцаў.
На харчаванне ў цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі нормы выраслі на 7-10%, на 10% - у санаторных яслях-садах і дзіцячых садках, санаторных групах Рэспубліканскага цэнтра для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху з працягласцю знаходжання 12-24 гадзіны. У мінулы раз нормы расходаў на харчаванне таксама павялічваліся на 10% - у снежні мінулага года.