Аляксандра Герасіменя гатовая ўзначаліць федэрацыю плавання

Спартсменка гатовая кіраваць федэрацыяй, калі пра гэта яе папросіць прэзідэнт Беларусі.
Sputnik
МІНСК, 10 жні - Sputnik. Знакамітая беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя, якая заявіла аб завяршэнні спартыўнай кар'еры, гатовая ўзначаліць Беларускую федэрацыю плавання, паведамілі СМІ.
Пра тое, што спартсменка пакідае вялікі спорт, стала вядома ў сераду 7 жніўня. Сваё рашэнне Герасіменя патлумачыла тым, што пасля нараджэння дачкі больш не можа цалкам прысвячаць сябе спаборніцтвам.
На пытанне, ці магла б яна кіраваць федэрацыяй, калі пра гэта папросіць прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, спартсменка адказала сцвярджальна.
"Я ўпрэглася б. Проста таму, што адчуваю адказнасць за свой від спорту", - сказала Герасіменя.
Яна таксама паведаміла пра першыя крокі, якія зрабіла б на пасадзе: сабрала каманду, прадумала стратэгію. Пры гэтым Герасіменя адзначыла, што ўсё гэта - гіпатэтычна, калі будзе адпаведная размова з кіраўніком дзяржавы, яна дасць адказ.
Герасіменя з'яўляецца шматразовай чэмпіёнкай Універсіяды, заваявала два залатыя медалі на чэмпіянатах Еўропы і столькі ж - на чэмпіянатах свету. А вось алімпійскага золата ў беларускі няма: на гульнях 2012 года ў Лондане яна двойчы спынялася ў кроку ад першай прыступкі пастамента, а на Алімпіядзе ў Рыа ў 2016-м была толькі трэцяй.