МІНСК, 23 жні - Sputnik. Аляксандр Лукашэнка гатовы настойліва развіваць адносіны з афіцыйным Тбілісі, пра што ён заявіў на сустрэчы з грузінскім прэм'ерам Мамукай Бахтадзэ.
"Мы вельмі цесна супрацоўнічаем з усімі постсавецкімі рэспублікамі, не дзелім іх на дрэнныя і добрыя", - цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.
Пры гэтым беларускі лідар адзначыў, што, калі ў працы з партнёрамі будуць знойдзеныя праблемы ці недахопы, іх трэба будзе пераадолець са спакоем і цярпеннем.
Прэзідэнт Беларусі запэўніў Мамуку Бахтадзэ, што Беларусь менавіта такім чынам і паступае з іншымі дзяржавамі постсавецкай прасторы.
"Вы ў гэтым плане можаце разлічваць, што мы настойліва, цярпліва (хоць мы гэты перыяд ужо прайшлі) будзем развіваць нашы адносіны на карысць беларускага і грузінскага народаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, два народы аб'ядноўвае сяброўства і асаблівыя адносіны. У Беларусі пры гэтым жыве шмат грузінаў, чые святы "ведаюць у кожнай вёсачцы".
У сваю чаргу Мамука Бахтадзэ нагадаў, што на пачатку сваёй кар'еры працаваў як у прыватным сектары, так і кіраваў чыгункай у Грузіі. Таму па абавязку службы неаднаразова бываў у Беларусі.
"Вы ўзгадалі лічбу нашага гандлю. Так, мы пачыналі з нуля. Але я ўпэўнены, што мы зможам падвоіць яе: наша міжурадкамісія працуе вельмі эфектыўна", - лічыць грузінскі палітык.
Паводле яго слоў, візіт беларускага лідара ў Грузію ў 2015 годзе надаў імпульс для развіцця адносінаў паміж дзвюма дзяржавамі.
Падзякаваў Мамука Бахтадзэ прэзідэнту Беларусі за падтрымку ў пытанні тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Грузіі.
"Грузінскі народ гэтага ніколі не забудзе", - запэўніў грузінскі прэм'ер.
Аляксандр Лукашэнка ў адказ на гэта адзначыў, што такую палітыку Беларусь прынцыпова вядзе ў дачыненнi да любой краіны.
"З любой дзяржавай гэта можа адбыцца, і гэта недапушчальна", - падкрэсліў ён.