Рэвалюцыя ці ўпарадкаванне? Што змяшчаецца ў новым Будаўнічым кодэксе

Грамадскае абмеркаванне 190-старонкавага праекта працягнецца нядоўга - да 16 верасня.
Sputnik

Праект кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці напярэдадні на грамадскае абмеркаванне вынесла Мінбудархітэктуры. Вялікі дакумент, як мяркуецца, абагульніць і ўпарадкуе дзеючае заканадаўства ў сферы. Зрэшты, ёсць у праекце дакумента і некалькі навэл.

Праект Будаўнічага кодэкса вынесены на грамадскае абмеркаванне

Двайное падпарадкаванне для галоўных архітэктараў

Міністэрства прапануе замацаваць у кодэксе норму аб тым, што мясцовыя органы кіравання ў архітэктурна-горадабудаўнічай сферы (камітэты або аддзелы) будуць мець двайное падпарадкаванне.

Сёння, скажам, мінскі камітэт па архітэктуры падпарадкоўваецца толькі Мінгарвыканкаму. Калі ж новая норма будзе адобрана, падсправаздачны ён будзе і профільнаму міністэрству. Больш за тое, прызначаць кіраўніка гэтага аддзела або камiтэта будзе цяпер менавіта міністр архітэктуры (па ўзгадненні з мэрам або кіраўніком выканкаму).

Як гаворыцца ў абгрунтаванні праекта кодэкса, такі падыход падвысіць статус тэрытарыяльных органаў.

Дзякуючы гэтай норме праца ўсіх структур, якія рэгулююць архітэктурную і горадабудаўнічую дзейнасць, будзе ўрэгулявана, бо галоўны архітэктар будзе падпарадкоўвацца міністэрству і будзе вымушаны ўлічваць не толькі інтарэсы мясцовых уладаў, але і ўсяго ведамства. Адсутнасць падпарадкавання рэгіянальных упраўленняў (не толькі па архітэктуры) часам стварае дадатковыя цяжкасці і пытанні.

Маніторынг цэн, партал і абмеркавання

У цэлым жа ў праекце прыкметных зменаў няма. У большасці сваёй гэта парадкаванне дзеючага заканадаўства, хоць ёсць і іншыя цікавыя дэталі.

Першым на беларускую мову перакладуць Кодэкс аб шлюбе і сям'і

Напрыклад, абумоўлена, што ў выпадку правядзення прафесійнай незалежнай экспертызы горадабудаўнічага праекта тэрмін правядзення грамадскага абмеркавання можа быць павялічаны да дзесяці каляндарных дзён. Пры гэтым самі тэрміны грамадскага абмеркавання не паказваюцца.

Замацуюць ў кодэксе і норму аб тым, што маніторынгам цэн у будаўніцтве будзе займацца Мінбудархітэктуры.

Таксама ў Беларусі будзе створаны дзяржаўны будаўнічы партал, на якім будзе публікавацца ўся неабходная інфармацыя для спецыялістаў сферы.

Яшчэ адно невялікае змяненне датычыцца пераліку падстаў для распрацоўкі або змяненняў горадабудаўнічага праекта спецыяльнай і дэталёвага планавання. У спіс ўключылі пункт "зацікаўленасць у рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на адпаведнай тэрыторыі".

Упарадкаваны і шэраг іншых аспектаў. Выказаць сваё меркаванне па праекце кодэкса можна на прававым форуме Беларусі.