МІНСК, 12 вер - Sputnik. Калі тыя, хто ўжо падаў заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты, збяруць подпісы, можна будзе казаць пра "добра альтэрнатыўныя" выбары, заявіла ў чацвер журналістам кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пройдуць у Беларусі 17 лістапада. У гэты чацвер завяршаецца прыём заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў, вылучэнне ж працягнецца да 8 кастрычніка - вылучаць таксама могуць працоўныя калектывы і палітычныя партыі.
Ужо ёсць адзін амаль кандыдат
"Як вы ведаеце, вылучэнне ідзе трыма спосабамі: шляхам збору подпісаў, ад працоўных калектываў, у якім працуюць не менш за 300 чалавек, і ад палітычных партый", - адзначыла Ярмошына.
Па словах кіраўніка ЦВК, сёння ўжо ёсць адзін вылучаны кандыдат ад працоўнага калектыву - дырэктар комплексу ў Віцебскай вобласці. "Яму ўжо нічога рабіць не трэба, чакаць рэгістрацыі", - адзначыла яна.
Палітычныя жа партыі, дадала Ярмошына, яшчэ не падавалі дакументы на рэгістрацыю кандыдатаў.
"Ад ініцыятыўных груп пададзена заяў 446 заяваў. Больш за ўсё па традыцыі ў горадзе Мінску - 120... На дадзены момант, калі названыя асобы збяруць подпісы, мы ўжо кажам пра добра альтэрнатыўныя выбары", - выказалася яна.
Каму адмовілі ў рэгістрацыі
На сёння ў Беларусі зарэгістравана 350 ініцыятыўных груп. Па словах Ярмошынай, адна заява адклікана ў Мінскай вобласці, чатыром грамадзянам адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп.
"У асноўным па Магілёўскай вобласці - аднаму і таму ж чалавеку адмоўлена двойчы. Спачатку ён падаў заяву на групу ў дзевяць чалавек (трэба дзесяць), другую заяву зноў няправільна аформіў", - адзначыла кіраўнік ЦВК.
Таксама адмовілі аднаму з заяўнікаў у Віцебскай вобласці: у яго было выяўлена наяўнасць судзімасці. Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат ужо падаваў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, пры гэтым была спроба зарэгістраваць яшчэ адну - ёй таксама адмовілі.
Адмаўляла камісія і вайскоўцу, які падаваў дакументы на аснове няправільна аформленай даверанасці.
Пра Барсікаў і партыі
Успомніўшы прэзідэнцкую гонку 2015 года, журналісты запыталіся ў Ярмошынай пра тое, ці было ў гэтым годзе нешта вясёлае - накшталт спробы зарэгістраваць кандыдатам ката Барсіка.
"Ну які Барсік на парламенцкія выбары... Штосьці вы забыць не можаце", - усміхнулася яна.
Сёння, на думку кіраўніка ЦВК, "нічога смешнага і страшнага пакуль не адбываецца".
Кажучы пра актыўнасць партый на парламенцкіх выбарах, Ярмошына адзначыла, што ёсць "шэраг партый, якія пастаянна ўдзельнічаюць у выбарах, асабліва ў апошні час". Сярод падобных партый яна назвала ЛПДБ і Кампартыю.
"Прадстаўнікі Кампартыі аддаюць перавагу збору подпісаў, хоць магчыма будзе і партыйнае вылучэнне", - выказала здагадку яна.
Па словах кіраўніка Цэнтрвыбаркама, у мінулы раз на стадыі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты конкурс складаў 4,5 чалавека на месца - самы высокі з 2000 года.
"Колькі зараз будзе - я не ведаю", - прызналася яна і дадала, што ёй хацелася б, каб конкурс быў ва ўсіх акругах.