МІНСК, 1 кас - Sputnik. Беларускую пісьменніцу, нобелеўскага лаўрэата Святлану Алексіевіч абралі віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага ПЭН-клуба, распавяла на сваёй старонцы ў Facebook беларуская паэтка і перакладчыца, старшыня беларускага ПЭН-клуба Таццяна Нядбай.
Таксама віцэ-прэзідэнтамі сталі турэцкі пісьменнік, нобелеўскі лаўрэат Архан Памук, мексіканская пісьменніца Элена Панятоўска, аргентынская пісьменніца Луіса Валенсуэла і філіпінец Франсіска Сіаніль Хасэ.
ПЭН-клуб - гэта міжнародная праваабарончая няўрадавая арганізацыя, якая аб'ядноўвае прафесійных пісьменнікаў, паэтаў і журналістаў, якія працуюць у розных літаратурных жанрах. Прэзідэнтам арганізацыі з 2015 года і па сённяшні дзень з'яўляецца амерыкана-мексіканская пісьменніца Джэніфер Клемент.
Больш за дзвесце з пісьменнікаў з больш чым пяцідзесяці краін свету сабраліся на восемдзесят пяты міжнародны кангрэс арганізацыі 30 верасня.
Прэзідэнт арганізацыі адзначае, што адной з важных задач клуба з моманту яго стварэння больш за сто гадоў таму было захаванне традыцый у мовах народаў свету.
"Менавіта праз мову мы перадаем нашу гісторыю, культуру і самабытнасць, з дапамогай якіх мы будуем масты і дзелімся нашымі унікальнымі сістэмамі ведаў і разумення свету", - сказала Клемент і нагадала, што 2019 года з'яўляецца годам карэнных народаў.
Асобна яна падкрэсліла, што існаванне моўнай разнастайнасці ў свеце цяпер знаходзіцца пад пагрозай.