МІНСК, 7 кас - Sputnik. Амаль 500 тысяч дзяцей у Беларусі атрымліваюць дзяржаўныя дапамогі, пра гэта намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў паведаміў журналістам у панядзелак.
"Амаль 500 тысяч дзяцей атрымліваюць дапамогі, гэта кожнае трэцяе дзіця ў краіне (...). Пастаянна ўдасканальваецца сістэма дзяржаўных дапамог. Сёння ў сувязі з нараджэннем ў сям'і дзіцяці прызначаецца да 11 відаў дапамог", - паведаміў Кавалькоў.
Паводле яго слоў, "разгалінаваная сетка выплат" распаўсюджваецца і на сацыяльна неабароненыя катэгорыі беларускіх сем'яў. Прычым сем'ям могуць прапанаваць не толькі грашовыя сродкі, але і падтрымку ў выглядзе прадуктаў: да прыкладу, дзіцячае харчаванне для дзіцяці да двух гадоў у малазабяспечанай сям'і.
"За шэсць месяцаў гэтага года бясплатным харчаваннем было забяспечана амаль 15 тысяч дзяцей, пры гэтым больш за чатыры тысячы дзяцей атрымалі падтрымку незалежна ад узроўню даходу сям'і - яны нарадзіліся па двое и трое", - дадаў намеснік міністра.
Прадугледжаны таксама розныя сацыяльныя паслугі: у прыватнасці, кансультацыйныя, прававыя, сацыяльна-псіхалагічныя. А сем'і, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід, могуць звярнуцца да паслугі так званай сацыяльнай перадышкі: на час вырашэння бытавых праблем змясціць дзіця ў дом-інтэрнат (на 28 дзён у годзе).
"На момант размяшчэння дзіцяці ў інтэрнат выплата ўсіх дапамог захоўваецца (...). У першым паўгоддзі гэтага года перадышку выкарыстоўвалі 38 сем'яў", - дадаў Валерый Кавалькоў.
Акрамя іншага, у Беларусі працуюць клубы і гурткі для фарміравання гарманічных адносін у сям'і.