Відэа

Сільчукоў: беларусы - гэта закрытая шкатулка, мы самі не ведаем, што ў нас ёсць

Саліст Вялікага тэатра оперы, "залаты барытон" Ілля Сільчукоў - аб серыі сольных канцэртаў да юбілею Станіслава Машюшкі, 20-годдзі ўдзелу ў вакальных конкурсах і новай для сябе ролі шматдзетнага бацькі.
Sputnik

Сольныя канцэрты опернага саліста Іллі Сільчукова пад акампанемент піяністкі Таццяны Старчанка адбудуцца 18 кастрычніка ў Гомелі, 22 кастрычніка ў Магілёве і 30 кастрычніка ў музычнай гасцінай філармоніі ў Мінску. У праграме - рамансы Чайкоўскага, Рахманінава, вакальныя цыклы Свірыдава і Манюшкі. Цыкл прымеркаваны да 200-гадовага юбілею стваральніка нацыянальнай оперы, кампазітара Станіслава Манюшкі, творчасць якога кожны раз становіцца адкрыццём, кажа выканаўца.

"Я свабодны": хіт Кіпелава загучаў па-беларуску

"Ёсць некаторыя творы Манюшкі, якія на слыху. А шмат што я зноўку для сябе адкрываў. Цудоўная музыка, да якой прыслухоўваешся, і нешта шчоўкае. Гэта мелос, які лунаў на Міншчыне, дзе ён рос, застаўся той жа. Ці ведаем мы гэта ці не ведаем, ён дае аб сабе ведаць скрозь гады і пакаленні. Ёсць у нас знакамітая песня "Бывайце здаровы, жывіце багата", яна не проста так стала хітом у 50-я гады 20-га стагоддзя, гэта парафраз з каляднага канта "Нова радасць стала", і гэта мелос Манюшкі", - напявае матыў Сільчукоў.

Таксама госць Sputnik распавядае пра тое, які вопыт даюць яму разнастайныя вакальныя конкурсы, першы з якіх адбыўся ў жыцці Іллі Сільчукова роўна 20 гадоў таму. Асобная шчаслівая тэма для гутаркі - папаўненне, нараджэнне трэцяга дзіцяці ў сям'і Сільчукова і новая для Іллі роля шматдзетнага бацькі.

"Адсутнасць цярпення - першае, што ў сабе адкрыў. Дзеці любяць графік мяняць дзень-ноч, і для мяне асабіста гэта цяжка. Таня (жонка - Sputnik) больш з малым, а астатнія члены сям'і, бывае, таксама прыходзяць ноччу, трэба пабыць з імі, абкласці іх назад спаць ці вадзіцы наліць, і калі такія экскурсіі кожную ноч, часам мне не хапае вытрымкі ў такія моманты", - прызнаецца Сільчукоў.

Поўную версію размовы з оперным выканаўцам Іллёй Сільчуковым слухайце ў відэатрансляцыі.