МІНСК, 25 кас - Sputnik. Захад вядзе маштабную інфармацыйную кампанію, накіраваную на дыскрэдытацыю ролі Саюзнай дзяржавы, заявіў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу на сумеснай калегіі ваенных ведамстваў Расіі і Беларусі.
"Захад апраўдвае сваю ваенную палітыку надуманай неабходнасцю стрымліваць нібыта агрэсіўныя намеры Расіі... На гэтым фоне вядзецца маштабная інфармацыйная кампанія па дыскрэдытацыі ролі Саюзнай дзяржавы ў забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі і расколу брацкіх адносін дзвюх краін", - заявіў Шайгу.
Раней беларускія ўлады неаднаразова казалі, што сябраваць з Захадам супраць Расіі ці ва ўрон супрацоўніцтву з Масквой не будуць.
Напружаная сітуацыя
Па ацэнцы Шайгу, абстаноўка на Заходнім стратэгічным напрамку "застаецца напружанай": НАТА працягвае нарошчваць баявы патэнцыял і ваенную актыўнасць у Еўропе, а таксама ўзмацняе сваю ваенную прысутнасць і размяшчае дадатковы кантынгент. У прыватнасці, у дадатак да комплексу супрацьракетнай абароны ЗША, які быў разгорнуты ў Румыніі, аналагічная сістэма ствараецца ў Польшчы.
"У процівагу размяшчэнню войскаў паўночнаатлантычнага блока каля нашых межаў і рэалізацыі натаўскай ініцыятывы "4 па 30" мы вымушаны прымаць меры ў адказ абарончага характару. У гэтых мэтах нарошчваем патэнцыял нашых войскаў, ажыццяўляем іх планавае пераўзбраенне", - распавёў Шайгу.
Гаворка ідзе ў тым ліку аб развіцці рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, сумеснай аператыўнай і баявой падрыхтоўцы, а таксама фармаванні дзейснай нарматыўнай прававой базы.
Гаворачы аб развіцці рэгіянальнай групоўкі войскаў Расіі і Беларусі, ён адзначыў, у прыватнасці, паспяхова праведзеныя ў верасні вучэнні "Шчыт Саюза-2019", якія насілі "выключна абарончы характар".
На думку Шайгу, прыярытэтамі Беларусі і Расіі ў цяперашні час "павінны стаць супрацоўніцтва ў развіцці узброеных сіл, узгодненая палітыка ў галіне абароны і ўзаемнае выкарыстанне ваеннай інфраструктуры".
Небяспека новай гонкі ўзбраенняў
Шайгу таксама казаў на калегіі аб тым, што выхад ЗША з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД) можа справакаваць гонку ўзбраенняў у краінах Еўропы і Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна (АТР).
"Выхад ЗША з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці ставіць пад пагрозу сістэму стратэгічнай стабільнасці ў свеце і можа справакаваць новую гонку ўзбраенняў, прычым не толькі ў Еўрапейскім, але і ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне", - сказаў расійскі міністр.
На яго думку, ва ўмовах няпростага ваенна-палітычнага становішча як ніколі становіцца запатрабаваным эфектыўнае ўзаемадзеянне абаронных ведамстваў як Беларусі і Расіі. Пры гэтым ён назваў Беларусь "бліжэйшым суседам і надзейным ваенным саюзнікам".
"Нашы краіны выступаюць з адзіных пазіцый па праблемах міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, паспяхова ўзаемадзейнічаюць у будаўніцтве калектыўнай абароны. Высокі ўзровень партнёрства дазваляе нам якасна і аператыўна вырашаць задачы ўмацавання ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы", - сказаў Шайгу.
Падарунак Раўкову
Падчас калегіі Шайгу зрабіў падарунак свайму калегу міністру абароны Беларусі Андрэю Раўкову - перадаў альбом з рассакрэчанымі дакументамі па вызваленні Мінска і правядзенні аперацыі "Баграціён" ў 1944 годзе.
"Там шмат цікавага. У тым ліку тое, з чым мы да гэтага дня не былі знаёмыя", - сказаў Шайгу, уручаючы альбом Раўкову.
У альбоме сабраны дакументы з фондаў Цэнтральнага архіва расійскага ваеннага ведамства, рассакрэчаныя да 75-годдзя вызвалення сталіцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гаворка ідзе пра дакументы, якія распавядаюць аб падрыхтоўцы аперацыі, правядзенні ўнікальнай артпадрыхтоўкі і масіраваных авіяўдараў па ключавых умацаваных раёнах і пазіцыях войскаў праціўніка.
Раней Мінабароны Расіі паведаміла, што ўсе рассакрэчаныя матэрыялы па вызваленні Мінска і правядзенні аперацыі "Баграціён" размешчаны на афіцыйным сайце ваеннага ведамства.