Відэа

Жвалеўскі і Пастэрнак - настаўнікам: не выкупляйце квіткі на "Лістападзік"!

Нягледзячы на ​​унікальную падборку фільмаў дзіцяча-юнацкага фестывалю "Лістападзік", да гэтага часу мала хто верыць, што гледачы прыйдуць на іх добраахвотна, і квіткі працягваюць "распіхваць" па школах, наракаюць пісьменнікі Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак.
Sputnik

Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік" пройдзе ў Мінску з 2 па 5 лістапада, традыцыйна галоўным экранам для конкурсных паказаў стане кінатэатр "Піянер".

Альтэрнатыўны Хэлоўін: фільмы жахаў на беларускай мове

"Лістападзік" у апошнія гады сапраўды стаў унікальным фестывалем, ён ад дзіцячага кіно "эміграваў" у бок юнацкага, (а такі фармат рэдка дзе можна сустрэць), з вельмі годнымі, актуальнымі і сучаснымі кінастужкамі. І тым больш крыўдная сітуацыя, якая ўжо які год складваецца з наведваннем кінасеансаў. Большая частка квіткоў распаўсюджваецца па школах, і на прагляд настаўнікі прыводзяць школьнікаў прымусова. Тым жа, хто жадае трапіць у кінатэатр, проста немагчыма купіць квіткі - іх няма ў касах, распавядаюць суразмоўцы Sputnik.

"Праблема ў тым, што квіткі размяркоўваюцца па школах адразу, яшчэ да таго як яны паступаюць у продаж. Мы нават міргнуць не паспяваем, білетаў ужо няма. І ў "Арткорпорейшн" (арганізатараў фестывалю - Sputnik) быў проста жэст адчаю, яны запусцілі анлайн-форму для збору заявак на квіткі, сабралі амаль 500 заявак за суткі. І вось, здаецца, гэта неяк пачынае пераконваць кіраўніцтва кінатэатра ў тым, што хопіць займацца глупствам, аддайце квіткі ў продаж", - кажа Пастэрнак.

Колькі гадоў доўжыцца кінафестываль, столькі гадоў білеты "рассоўваць" па школах. Квіткі каштуюць капейкі, настаўнікі іх за свае грошы выкупляюць, каб не тлумачыцца з начальствам. А ад таго, што потым дзеецца ў кіназалах, проста валасы ўстаюць дыбам. У лепшым выпадку дзеці проста не прыходзяць, адзначаюць пісьменьнікі.

"Здавалася б, чаго дрэннага, дзеці прыйдуць паглядзяць кіно? Па-першае, не тыя дзеці, колькі ўжо было выпадкаў, калі 5-класнікаў прыводзяць на кіно 16+, а потым самі настаўнікі робяць скандалы і пішуць скаргі. Былі выпадкі, калі ўсе з субтытрамі, і прыганяюць першакласнікаў, якія проста не паспяваюць іх чытаць, я ўжо не кажу пра тое, што больш за палову не разумеюць. I наогул класы на гэтыя фільмы вадзіць нельга, таму што там падымаецца нейкая складаная праблема. А як рэагуе клас? Пачынае хіхікаць, іржаць, тыкаць пальцам, і гэта ланцуговая рэакцыя. На гэтыя фільмы трэба хадзіць сем'ямі", - тлумачыць Жвалеўскі.

"У нас ёсць велізарная просьба да настаўнікаў - не выкупляйце гэтыя квіткі, пакіньце іх у касах. Мы дакладна ведаем, што паступіла "ўказанне" ад упраўлення адукацыі тэрмінова да суботы выкупіць усе білеты. Не трэба, калі ласка. У нас 500 чалавек жадаючых у залы патрапіць", - заклікае Пастэрнак.

Таксама ў размове - чым могуць быць карысныя сямейныя прагляды фільмаў, прысвечаных тым ці іншым падлеткавым праблемах, і як гэтыя кінастужкі дапамагаюць бацькам гаварыць з дзіцем на складаныя тэмы, напрыклад, на тэму сэксу. Поўную версію размовы глядзіце ў відэатрансляцыі.