Тышкевічы – знакаміты магнацкі род, які бярэ свой пачатак ў першай палове XV стагоддзя. Гэтыя князі мелі маёмасць па ўсім ВКЛ, але на тэрыторыі Беларусі размяшчаліся толькі дзве сядзібы. Першая – больш буйная і багатая – знаходзілася ў Лагойску. Ад яе ў раённым цэнтры засталіся руіны, але добра захаваўся парк, дзе і зараз можна прагуляцца.
Сядзіба Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае каля Іслачы
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Што тычыцца другой сядзібы – не такой шыкоўнай, але не менш прыгожай – яна знаходзілася ва ўрочышчы Вялае Валожынскага раёна на беразе ракі Іслач.
Выкарыстоўвалі гэтае месца для адпачынку і палявання. Графы ладзілі тут сапраўдныя святы – спачатку палявалі, потым смажылі мяса, пілі віно і танчылі.
Сядзіба Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае каля Іслачы
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Акрамя палявання і падарожжаў граф Бенедыкт Тышкевіч захапляўся таксама фатаграфіяй. Ёсць меркаванне, што на другім паверсе гэтага маёнтка размяшчалася фоталабараторыя.
Варта адзначыць, што Бенедыкт быў не проста фатографам-аматарам. Сёння яго нават прынята лічыць піянерам фатаграфіі ў Літве і Беларусі. Яго здымкі – сцэны з жыцця сялян, вясковы побыт і простыя хаты – атрымалі залаты медаль на выставе ў Філадэльфіі ў 1876 годзе. Нягледзячы на тое, што лешвыя здымкі былі зроблены ў Беларусі, ніводнага з іх тут не захавалася.
Сядзіба Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае каля Іслачы
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Разбураць маёнтак пачалі ў часы Першай сусветнай вайны. Графам давялося пакінуць сядзібу ў 1915 годзе. Канчаткова руінамі маёнтак, як і многія магнацкія сядзібы на Беларусі, стаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Партызаны некалькі разоў узрывалі будынак, таму зараз ад яго засталіся толькі рэшткі цаглянага мура.
Таксама ў часы Тышкевічаў тут знаходзіўся Вялаўскі запаведнік, які ў 1939 годзе стаў маёмасцю савецкай улады. Тут разводзілі баброў, якія тады былі пад пагрозай знікнення, ланяў і высакародных аленяў. Асаблівай гордасцю запаведніка была дубрава з 200 і 400-гадовых дубоў.
Нягледзячы на тое, што на гэтым месцы з кожным годам застаецца ўсё менш цэглы, руіны прывабліваюць сюды шмат турыстаў з усёй Беларусі.
Чытайце таксама: