Магілы былых яўрэйскіх могілак закранулі пры пракладцы метро

Пракуратура не выявіла парушэнняў, аднак звярнулася ў Мінгарвыканкам з просьбай, каб тэрыторыі яўрэйскіх могілак надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Sputnik

МІНСК, 20 ліс - Sputnik. Пракуратура Мінска не ўгледзела парушэнняў пры правядзенні зямельных работ на тэрыторыі былых яўрэйскіх могілак, паведаміў у сваім Facebook-акаўнце кіраўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Яўрэйскія гісторыі Мінска: стадыён "Дынама" пабудаваны на могілках

Гаворка ідзе пра тэрыторыі сквера за Калектарнай вуліцай, дзе ў пачатку кастрычніка пры пракладцы камунікацый былі закранутыя магілы. Інцыдэнт адбыўся пры пракладцы камунікацый для будаўніцтва аб'екта "Першы ўчастак трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна ад станцыі "Каржанеўскага" да станцыі "Юбілейная" з электрадэпо".

"Праектная дакументацыя на аб'ект ва ўстаноўленым парадку ўзгоднена, па дадзенай дакументацыі атрымана станоўчае заключэнне камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, РУП "Галоўдзяржбудэкспертыза", - гаворыцца ў адказе за подпісам першага намесніка пракурора.

Магілы былі закранутыя пры пракладцы кабеля для падлучэння станцыі метро да сетак электразабеспячэння. Праектам прадугледжана аднаўленне тэрыторыі, закранутай пры пракладцы кабеля.

"Парушэнняў дзеючага заканадаўства не выяўлена", - гаворыцца ў адказе пракуратуры.

Просьба прокуротуры да гарвыканкама

У лісце з пракуратуры адзначаецца - інфармацыя аб тым, што на тэрыторыі сквера размяшчаліся былыя яўрэйскія могілкі, пацвердзілі ў Інстытуце гісторыі НАН. Гэтая тэрыторыя таксама з'яўляецца месцам расстрэлу яўрэяў падчас Вялікай айчыннай вайны.

Пракуратура падрыхтавала ліст у Мінгарвыканкам з просьбай разгледзець пытанне аб наданні скверу статусу гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання.

"Радуе тое, што сама пракурор даслала ліст у гарадскі выканаўчы камітэт аб неабходнасці надаць гэтай тэрыторыі статус гістарычнай і культурнай каштоўнасці", - напісаў у сваім Facebook-акаўнце Астаповіч.

У лісце ў адказ з Мінгарвыканкама сказана, што на чарговым пасяджэнні Мінскага гарадскога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны будзе паўторна разгледжана пытанне аб наданні асаблівага статусу тэрыторыі сквера.