Фота

Дзе каза ражком - там жыта стажком: як калядавалі ў Строчыцах

Sputnik

Традыцыйнае народнае свята ў Строчыцах прайшло на мінулых выхадных і падаравала шмат пазітыўных эмоцый тым, хто засумаваў ад шэрай і бясснежнай зімы, якая зараз пануе ў Беларусі. Фотакарэспандэнт Sputnik Альфрэд Мікус наведаў свята і падзяліўся здымкамі старажытнага абраду. 

Як зрабіць калядную маску: кажухі навыварат і сапраўдныя рогі

Каляды – адно з галоўных беларускіх зімовых свят. Яно мае доўгую гісторыю і спалучае ў сабе як хрысціянскія, так і старажытныя традыцыі. Шматкаляровае карнавальнае шэсце з віфлеемскай зоркай адбываецца штогод напярэдадні свята Божага Нараджэння. 

Сэнс народных абрадаў, якія праводзяцца падчас Каляд, у тым, каб наблізіць надыход сонечнага цяпла і забяспечыць добры ўраджай у новым годзе. У гэтым калядоўшчыкам дапамагаюць прыпеўкі, замовы і розныя магічныя дзеянні.

Калядоўшчыкі віншавалі гаспадароў хаты, спявалі песні, хадзілі з музыкай і танцамі. Сярод іх можна было сустрэць шмат розных персанажаў - Казу, Мядзведзя, Цыгана, Дзеда і Бабу, Урача, Чорта і іншых.

У гэтым годзе ў Беларускім дзяржаўным музее народнай архітэктуры і побыту Каляды зладзілі ў дзень зімовага сонцастаяння, які ў старажытны час быў адным з чатырох асноўных дней сонцавароту. Як гэта было, глядзіце ў фотастужцы Sputnik.

1 / 15
На традыцыйнае абрадавае свята ў Строчыцах сабралося адразу некалькі кампаній калядоўшчыкаў.
2 / 15
Каза хутка стамілася спяваць і жадаць гаспадарам ладу і дабрабыту - трэба пакарміць яе, каб сілы вярнуліся.
3 / 15
Добра вядомыя персанажы калядных гулянняў патрабавалі ад гледачоў пачастункаў.
4 / 15
Для дзяцей гэта свята - адно з любімых у годзе: можна і гарэзаваць, і пераапранацца, і атрымаць салодкія пачастункі.
5 / 15
Калядоўшчыкі збіраюць усё, што ім нясуць, у вялікі мех.
6 / 15
Свята не абыходзіцца без музыкі і забіяцкіх народных танцаў.
7 / 15
Музыка і традыцыйныя спевы - абавязковае суправаджэнне шляху калядоўшчыкаў.
8 / 15
А колькі розных прыгожых зорак можна было ўбачыць у Строчыцах!
9 / 15
Рэлігійныя матывы размяшчаюць у сярэдзіну каляднай зоркі.
10 / 15
Традыцыйная куцця - галоўная страва на калядныя святы.
11 / 15
І Баба, і Дзед, і Мядзевдзь, і Жораў, і Вершнік на кані - і гэта толькі некаторыя з персанажаў, якія абыходзяць двары на Каляды.
12 / 15
Але галоўны персанаж свята - каза. Традыцыйна яе касцюм - апрануты шыварат-навыварат кажух і маска - звычайна з паперы, але можа быць і драўляная.
13 / 15
Калі задобрыць казу - яна паабяцае, што наступны год у вас будзе добры і ўсё атрымаецца, а таксама пажадае ў хату багацця і гаспадарам - розных поспехаўю
14 / 15
Падчас Калядаў усе паказваюць свае таленты - калядоўшчыкі спяваюць, танчаць і граюць музыку.
15 / 15
Свята напоўнена рознымі абрадамі, галоўная мэта якіх - забяспечыць добры ўраджай у наступным годзе, а таксама лад і дабрабыт у сям'і.