Да Шчадраца пачыналі рыхтавацца яшчэ з восені і святкавалі з асаблівым размахам. Моладзь ладзіла разнастайныя калядныя гульні, а вячэра ў гэты дзень была асабліва пышнай і багатай на стравы.
У аграгарадку Семежава, што ў Капыльскім р-не Мінскай вобласці, захоўваецца цікавая культурная спадчына: адметны старажытны звычай сустрэчы Новага года Калядныя Цары. Гэты сусветна вядомы цяпер абрад унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Шчодры вечар ў Семежава
У народзе казалі, што "калядныя вечары - цёплыя вечары", час сустрэч з блізкімі! Гаспадарлівыя семежаўцы пачыналі рыхтавацца да Калядаў загадзя: прыбіралі ў хаце і на двары, ложак пакрывалі святочным покрывам, на абразы вешалі новыя рушнікі-набожнікі, самі апраналіся ў святочнае адзенне, якое абавязкова павінна было быць чыстым, каб з чыстай старонкі пачаць год. Бавілі час за святочна накрытым сталом і чакалі прыходу "цароў". Хата выглядала як у вершах Якуба Коласа:
Усё ў парадку, ўсё прыбрана,
Як бы Коледы прыйшлі,
І абрусам стол засланы,
Як у свята, да зямлі.
Так было калісці, так ёсць і цяпер, калі ўнікальны абрад Цары адрадзіўся наноў. Так, толькі 13 студзеня ўвечары гурт маладых мужчын, апранутых у падабенства вайсковай формы царскага войска, ходзіць па вёсцы і разыгрывае перад аднавяскоўцамі інсцыніроўку драмы "Цар Максімільян".
Сюжэт узыходзіць да біблейскіх часоў і ў аснове дзеі – канфлікт тыранічнага цара Максімільяна з яго сынам, які адмовіўся кінуць хрысціянскую веру. Даўней гэту драму разыгрывалі не толькі ў розных беларускіх вёсках але і ў Расіі і на Украіне. Пастаноўкі гэтай драмы былі вельмі папулярныя ў расійскай імператарскай арміі. Можа таму семежаўцы лічаць, што "Цары" занеслі ў сяло царскія салдаты. Як бы там ні было, але амаль зніклы абрад адрадзілі і цяпер у гэту святочную ноч на вуліцах вёскі чутны дробат барабанаў і вясёлы смех. Ніхто не спіць, усе ходзяць адзін да аднаго ў госці і частуюць "цароў" смачнымі стравамі народнай кухні гэтай вёскі.
Куцця з хвастом
Куцця - гэта не толькі галоўная калядная страва, але і назва самога святочнага вечара: "Вялікая куцця", "Шчодрая куцця", "Бедная куцця".
Шчодрую куццю яшчэ называюць "багатай", таму што акрамя пшанічных або ячменных круп у яе дадаюць розныя мясныя інгрыдыенты. У народных уяўленнях куцця – чароўная каша. Зерне, з якога яна зварана, - сімвал дабрабыту і самога жыцця. Можа, таму куцця часта выкарыстоўвалася ў дзявочых варожбах аб замужжы. Так, у в. Семежава куццю гатуюць са свіным хвастом, і гэта не выпадкова. Калі куцця зварыцца, то дзяўчына мусіць узяць у рот хвост з яе і бегчы па вуліцы да першага сустрэчнага мужчыны. Як зваць таго чалавека, такое імя будзе і ў будучага мужа.
Насыпаць у чыгунок ячных або пярловых круп, заліць вадой, пасаліць па смаку і укласці ў сярэдзіну свіны хвост. Варыць у печы або духоўцы 1-1,5 гадзіны.
Рабрынкі ў вопратцы
Рабрынкі свіныя (мясныя) 1,5 кг, капуста 1 сярэдні качан, морква 500 г, цыбуля рэпка 300 г, сала 100 (або алей 50 г), смятана 3 ст. лыжкі, мука 100-150 г, вада 300 мл, соль, спецыі па смаку (каляндра, кроп, перац).
Рабрынкі раздзяліць па адной костачцы і пасекчы на скрылікі даўжынёй па 5-6 см. Капусныя лісты варыць у кіпені да мяккасці 2 хв. або цэлы качан апусціць у кіпень і варыць 15-20 хв. да таго часу, пакуль лісты не будуць добра аддзяляцца ад качана. Моркву і цыбулю спасераваць на вытапленым з сала тлушчы або выкарыстаць алей. Рабрынкі пасаліць, дадаць перац і абкачаць ў муцэ, абсмажыць на тлушчы да залацістай скарынкі. Пакласці рабрынку на загадзя падрыхтаваны капусны ліст, дадаць лыжку спасераванай гародніны, соль і шчопаць спецый, загарнуць і пакласці ў чыгунок. Дадаць ваду, змазаць зверху смятанай і тушыць у печы або духоўцы да мяккасці прыкладна 1,5 гадзіны.
Смачна есці, і як у народзе кажуць: Калядкі - добрыя святкі: наеўся, напіўся ды й на палаткі!