Серыял "Вядзьмар" пераклалі на беларускую мову

Паглядзець экранізацыю знакамітай кніжнай серыі ў беларускай агучцы можна на папулярным відэасэрвісе Netflix.
Sputnik

Гісторыя інжынера, які раней мітынгаваў, а цяпер агучвае фільмы на мове
МІНСК, 14 сту - Sputnik. Першая серыя нашумелага серыяла "Вядзьмар" з’явілася ў перакладзе на беларускую мову, паведамілі арганізатары праекта.

Праект рэалізуе студыя агучкі Gavarun_by разам з МТГ "RэZэрвацыЯ", якая найперш вядома стварэннем і падтрымкай афіцыйных беларусізацый да камп’ютарных гульняў World of Tanks, World of Warships, Legends of Eisenwald, WarThunder.

У камандзе праекта дасведчаныя перакладчыкі, рэдактар, дыктары і гукарэжысёр. Пераклад ажыццяўляецца з першакрыніц, з улікам існуючых беларускіх версій кніжнай сагі пра "Вядзьмара".

Каб паглядзець перакладзеныя серыі спатрэбіцца падпіска на Netflix і адмысловы медыяплэер, які арганізатары дасылаюць усім удзельнікам краўдфандынгу.

Акрамя прагляду серыяла удзельнікі краўдфандынгавай кампаніі змогуць прачытаць кнігу "Вядзьмар. Апошняе жаданне" і згуляць у фэнтэзійную камп’ютарную гульню "Легенды Айзэнвальда" таксама на беларускай мове.

​"Вядзьмар"- цыкл кніг пісьменніка Анджэя Сапкоўскага. Камп'ютарная гульня па матывах твора выйшла ў свет у 2007 годзе. Кампанія Netflix абвясціла запуск серыяла ў 2017 годзе. Галоўную ролю ў серыяле выканаў Генры Кавіл - англійскі акцёр, які стаў вядомым дзякуючы ролі Супермэна ў фільмах "Ліга справядлівасці" і "Бэтмен супраць Супермэна".