МІНСК, 17 сту - Sputnik. Малодшы сын прэзідэнта Беларусі Мікалай Лукашэнка быў адзначаны дыпломам на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, паведамляе сайт галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама.
Цяперашняе спаборніцтва - ужо трэці этап рэспубліканскай алімпіяды. На пачатку студзеня стала вядома, што Мікалай Лукашэнка паслядоўна паказаў лепшыя вынікі ў ходзе выканання алімпіядных задач у сваёй школе, а затым і ў Мінскім раёне. На раённым этапе ён заняў першае месца - фатаграфія яго дыплома размешчана на сайце Астрашыцка-Гарадоцкай школы, дзе ён вучыцца.
У трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах "Біялогія" і "Хімія" прынялі ўдзел больш за 130 школьнікаў. На днях у актавай зале Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў.
"Я ўпэўнена, што кожны з вас з'язджае сёння з добрым настроем, атрымаў новыя веды, набыў новых сяброў. Удзел у алімпіядах дазваляе кожнаму з вас стаць лепш", - сказала падчас цырымоніі ўзнагароджання першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Соф'я Філістовіч.
У Мікалая Лукашэнкі дыплом трэцяй ступені, паведамляюць СМІ. У чацвёртым, заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды звычайна ўдзельнічаюць ўладальнікі дыпломаў першай і другой ступеняў. Але "па некаторых прадметах бяруць і трэцюю ступень", паведамляе выданне са спасылкай начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Таццяну Апраніч.