МІНСК, 26 сту - Sputnik. Беларусь самастойна абмяркуе з Расіяй пытанне магчымых паставак нафты з Казахстана. Пра гэта заявілі ў Мінэнерга Казахстана ў нядзелю.
"Перамовы і рабочыя кансультацыі па праекце пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў паміж Казахстанам і Беларуссю на бягучы момант праходзяць у штатным рэжыме. Пытанне магчымых паставак праз тэрыторыю Расіі казахстанскай нафты ў Беларусь будзе абмеркавана беларускімі калегамі з расійскім бокам самастойна" , - цытуюць прадстаўнікоў Мінэнерга РІА "Новости".
Нафтавае пытанне
Беларусь і Расія да пачатка 2020 года не змаглі прыйсці да пагаднення па кошце нафты: рэспубліка адмаўляецца плаціць пастаўшчыкам прэмію ў 6 долараў за тону да кошту пастаўкі. На гэтым фоне 1 студзеня былі прыпыненыя пастаўкі сыравіны ў рэспубліку.
У якасці часовай меры Беларусь закупіла 750 тысяч тон у кампаній расійскага бізнесмена Міхаіла Гуцарыева, якія пагадзіліся працаваць без прэміі. Адначасова, як заяўляе ўрад, вядуцца перамовы з альтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі нафты.
У студзені рэспубліка таксама дамовілася аб куплі 80 тысяч тон нарвежскай нафты для "Нафтана" - марка Johan Sverdrup максімальная блізкая па характарыстыках да Urals. Пастаўляцца яна будзе праз порт Клайпеды, які ў год можа прапусціць толькі 3,6 мільёна тон. Акрамя таго, за перавалку і транспарціроўку нарвежскай сыравіны Беларусь пераплачвае па 20 долараў за тону.
Для загрузкі аднаго "Нафтана" патрабуецца каля дзевяці мільёнаў тон штогод, гэта значыць каля 25 тысяч тон штодня. Мазырскі НПЗ перапрацоўвае каля дзесяці мільёнаў тон у год. Большая частка прадукцыі "нафтахіму" ідзе на экспарт у выглядзе светлых нафтапрадуктаў, у першую чаргу аўтамабільнага паліва.
Пастаўкі з Казахстана
Прэзідэнт Беларусі 21 студзеня на нарадзе па павышэнню эфектыўнасці экспарту нафтапрадуктаў заявіў, што Масква не дае згоды на пастаўкі казахстанскай нафты.
Раней беларускі і казахстанскі бок дамовіліся аб пастаўках у рэспубліку 3,5 мільёна тон нафты. Пры гэтым Беларусь і Казахстан не сталі агучваць ўмовы паставак і маршрут, але прыярытэт аддаваўся транзіту па нафтаправодзе, які праходзіць па тэрыторыі Расіі.
У канцы 2019 года прэс-служба міністэрства энергетыкі Казахстана паведаміла, што варыянт паставак казахскай сыравіны па нафтаправодзе "Дружба" павінен абмяркоўваць беларускі бок з партнёрамі ў Расіі
У сваю чаргу афіцыйны прадстаўнік расійскай "Транснафты" Ігар Дзёмін у канцы снежня мінулага года распавёў, што Беларусь і Казахстан не звярталіся ў кампанію з прапановай аб транзіце нафты праз расійскую тэрыторыю.
Без альтэрнатывы?
Беларусь ужо шукала альтэрнатыўныя крыніцы нафты ў папярэднія гады. Так, у Венесуэлы рэспубліка закупляла марку Santa Barbara на пачатку 2010-х. Аднак надзвычай дарагая лагістыка і нізкая якасць сыравіны вымусілі звярнуцца да своп-схемы з Азербайджанам. Усяго рэспубліка закупіла ў Венесуэлы за тры гады амаль 3,4 мільёнаў тон. Цікава, што сярэдні кошт за тону расійскай сыравіны для Беларусі ў 2010 годзе была 434 долара, венесуэльскай - 647 долара.
Крыху менш за мільён тон Беларусь закупіла ў Азербайджана ў 2011-м - па кошце ў 838 долараў за тону. Для параўнання: расейская нафта тады ж каштавала каля 430 долараў за тону. У 2016-м Беларусь зноў звярнулася да Азербайдлжана за брэндамі Azeri Light і CPC Blend, аднак таксама ў невялікіх аб'ёмах: 560 тысяч тон. У 2017 рэспубліка закупіла 1,4 мільёна тон нафты ў Ірана.
Пакрыць патрэбы Беларусі ў нафце не могуць ні Азербайджан, ні Казахстан, ні іншыя краіны-партнёры. Акрамя таго, яе ўсё роўна прыйдзецца "разводзіць" расійскай, бо беларускія НПЗ "заточаныя" пад Urals. Пры гэтым кошт альтэрнатыўных пастаўшчыкоў заўсёды перавышае кошт на расійскую сыравіну. Розніца з улікам лагістыкі можа дасягаць практычна два разы.
У мінулым годзе Беларусь купляла ў Расіі нафту па сярэднім кошце ў 364 долара за тону. Пры гэтым рэспубліка плаціла за сыравіну толькі 83% ад сусветнага кошту нафты.