МІНСК, 4 лют - Sputnik. Гандлёвае і эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Літвы дынамічна развіваюцца, сказаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на брыфінгу з літоўскім калегам Лінасам Лінкявічусам, перадае карэспандэнт Sputnik.
Паводле слоў беларускага міністра, дзве краіны звязвае шматвекавая гісторыя, калі беларусы і літоўцы жылі ў адной дзяржаве - Вялікім Княстве Літоўскім.
"Літва з'яўляецца для нас важным гандлёвым і інвестыцыйным партнёрам, які ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых імпарцёраў беларускай прадукцыі", - адзначыў кіраўнік МЗС Беларусі.
Пры гэтым ён дадаў, што беларускі экспарт у Літву ў мінулым годзе склаў 1 мільярд долараў.
"Падрабязна сёння мы абмеркавалі пытанні, звязаныя з транзітам нафты і газу", - паведаміў Уладзімір Макей.
Адказваючы на ўдакладняючае пытанне, ці ішла гаворка аб пастаўках звадкаванага газу і нафты з ЗША, беларускі міністр заклікаў вывучыць эканамічны патэнцыял Літвы і зрабіць самастойныя высновы.
Пасля чаго распавёў, што абмеркаванне транзітных паставак праз тэрыторыю Літвы працягнецца на ўзроўні экспертаў.
Уладзімір Макей пацвердзіў, што на перамовах з Лінасам Лінкявічусам абмяркоўвалася і такое адчувальнае пытанне, як будаўніцтва БелАЭС.
На думку кіраўніка МЗС Беларусі, галоўнае данесці да літоўскіх партнёраў, што пры будаўніцтве атамнай станцыі забяспечаны ўсе пытанні, звязаныя з бяспекай. Таму на ўзроўні міністраў замежных спраў Беларусі і Літвы дасягнута дамоўленасць аб тым, што будзе прыняты шэраг крокаў, каб "зняць напружанасць, якая прысутнічае ў літоўскім грамадстве".
Уладзімір Макей распавёў, што ў Беларусі чакаюць дэлегацыю еўрапейскага рэгулятара, які адказвае за дадзеную тэматыку.
У сваю чаргу Лінас Лінкявічус выказаў надзею, што ў маі гэтага года прэм'еры дзвюх краін змогуць сустрэцца на беларуска-літоўскім форуме ў Клайпедзе. Паводле яго слоў, на ім будуць абмяркоўвацца пытанні экспарту і імпарту, а таксама выкарыстання літоўскага порта, які з'яўляецца самым блізкім для Беларусі.
"Мы гатовыя працягваць практыку альтэрнатыўных паставак нафты. Такія пілотныя праекты ўжо праходзілі. Мы можам абмяркоўваць і пастаянны працэс", - запэўніў кіраўнік МЗС Літвы.
Лінас Лінкявічус пацвердзіў, што гэта пытанне ўзнімалася і на сустрэчы з прэм'ерам Сяргеем Румасам.
"Мы павінны разгледзець тэхнічныя рашэнні і магчымасці альтэрнатыўных паставак газу", - заклікаў ён.
Літоўскі бок таксама гатовы аказаць экспертную падтрымку Беларусі ў пытанні членства ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
На яго думку, ацэнка будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы ў нашых краін розная, "але мы настойваем, каб былі прыняты дадатковыя меры бяспекі".
Лінас Лінкявічус заявіў, што пытанні бяспекі беларускай атамнай станцыі з'яўляюцца прадметам узаемнай цікавасці Літвы і Беларусі.
"Мы павінны тут знайсці агульнае разуменне", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік МЗС Літвы асобна адзначыў, што ў Вільні ёсць зацікаўленасць "у суверэннай і незалежнай Беларусі".