Пілі кроў і елі мазгі: хто такія ваўкалакі і што пра іх казалі нашы продкі

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра незвычайную істоту, якая доўгія часы была галоўным персанажам народных легенд і паданняў беларусаў.
Sputnik
У народным календары 19 лютага адзначаюць прысвятак Вакулы, епіскапа Смірнскага, які жыў у Італіі ў VII стагоддзі. Па павер’ях палешукоў, гэты каталіцкі святы быццам бы ахоўваў людзей ад ператварэння ў ваўкалакаў.
Паводле беларускіх народных уяўленняў, чалавек можа перавярнуцца ў любую жывёлу, звера, птушку, паўзуна і розныя неадушаўлёныя прадметы. Напрыклад, у казках і баладах ён часта станавіўся мядзведзем, ласкай, лісой, тхорам і ваўком. Для чалавека-перавератня, які стаў ваўком, нават была сваё імя – яго называлі "ваўкалакам" ці "ваўкалекай".
Волк, архивное фото
Воўк
Як сцвярджаюць даследчыкі, паданні пра ваўкалакаў існавалі ў палякаў, чэхаў, сербаў, харватаў і іншых народаў. Прычым назвы гэтай істоты ў іх былі вельмі блізкімі да беларускай.
Жывыя назіранні за жыццём ваўкоў нарадзілі пад сабой трывалы грунт для ўзнікнення міфаў аб ваўкалаках. Спрадвеку, жывучы на зямлі, скрозь пакрытай лясамі, нашы продкі з павагай ставіліся да гэтага разумнага, дужага, непакорнага звера як да годнага суперніка.

Цудадзейныя ўласцівасці воўчага мяса

Вядома нават, што ваўкоў у даўнія часы называлі ляснымі багамі і надзялялі іх розумам. Апекваў іх святы Юрый, да якога з просьбамі "замкнуць жалезнымі замкамі" пашчу ненажэр звярталіся ў замовах гаспадыні перад першым выганам кароў у поле. Лясному драпежніку нават прыносілі ахвяры ў выглядзе казы, прывязанай на ляснога раздарожжа, і рабілі гэта ў снежні.
У выніку склаліся пэўныя ўяўленні, правілы паводзінаў, замацаваныя ў сакральных тэкстах. Так, лічылася, што пры сустрэчы з ваўком трэба  абавязкова першым з ім павітацца такім чынам: "Брат, саступі мне поўдарогі – і табе будзе поўдарогі" і, нібыта тады ён не кране чалавека і ўвогуле ніякай бяды можна не баяцца. Але тут на ласку непрадказальнага ваўка не варта было разлічваць, бо ў народзе казалі: "Якую скацінку воўк намеціў, тая яму і дастанецца". 
Паляўнічыя рабілі сваім татэмам ваўка
І ўсё ж чалавека ў вобразе ваўка нешта прыцягвала. Крыважэрны драпежнік лічыўся сімвалам ночы, зімы і нават самой смерці. Да ўсяго, у далёкія часіны кожнае племя мела свій татэм. Звычайна выбіралі  мядзведзя, воўка, лісу і іншых жывёл, але паляўнічыя пераапраналіся менавіта ў воўка, каб пераняць падчас палявання яго якасці. Лічылася, што чалавек, які з’еў воўчага мяса, мог лячыць розныя пухліны на целе іншых людзей – яны прападуць адразу, як толькі ён іх разгрызе зубамі. Воўчы зуб вешалі на шыю немаўляці ад дурнога вока і розных хвароб.

Як станавіліся ваўкалакамі

Прыцягваючы ўвагу чалавека сваёй сілай, хітрасцю, адвагай, а галоўнае – беспакаранасцю -  вобраз воўка з часам паўплываў на фарміраванне міфалагічнага вобраза пярэваратня-ваўкалака. Па народных уяўленнях, ператварэнне магло адбыцца па ўласнай волі з пэўнымі эгаістычнымі мэтамі чалавека-чараўніка, так і па яго чарах, скіраваных на аднаго чалавека або групу людзей.
Зачараваныя скарбы і залаты боб на талерцы
Напрыклад, існавала перакананне, што моцны чараўнік з дапамогай гарошыны, заклятай ніткай, працягнутай праз дарогу, можа ператварыць у ваўкалакаў цэлае вяселле, калі ў ім сабрана 12 асобаў.  Такі выпадак апісаны ў рамане Я.Баршчэўскага "Шляхціц Завальня", дзе чараўнік захацеў авалодаць прыгажуняй нявестай і ператварыў яе жаніха разам з гасцямі ў ваўкоў.
Але людзей можна адчараваць, калі зайграць перад імі на скрыпцы вясельныя песні, прыгаворваючы: "Ці ня досыць вам хадзіць, людзей смяшыць, сабак дражніць? Ідзіце лепей дамоў". Як толькі музыка зайграе песню, што гучала ў момант іх зачаравання, то ваўкалакі пачынаюць радасна крычаць і становяцца людзьмі.
Па другім паданні, што існавала ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці, першы пярэварацень быў хлопцам, якога звалі Ваўкалака. Ён кахаўся з дзяўчынай, але пасватаўся да другой. За гэта яе маці, якая была чараўніцай, хітрасцю накінула яму белую хусцінку на шыю і хлопец ператварыўся ў ваўка.
Лічылася, што ваўкалака можна было пазнаць па белай поўсці на шыі, а яшчэ яны былі буйнейшыя за звычайнага воўка, маглі быць аднавокімі або з сінімі вачамі і вельмі калматымі.
З гэтай нагоды цікавым падаецца сведчанне старажытнага гісторыка Герадота, які запэўніваў, што неўры, якія быццам бы жылі паблізу ракі Піны і потым рассяліліся сярод славянскага племені будзінаў (першабытных жыхароў даліны Прыпяці), усе былі чараўнікамі. Кожны з іх пры небяспецы ці ў іншым крайнім выпадку ператвараўся хоць раз у год на некалькі дзён у ваўка. Далей Герадот сцвярджаў, што сярод племені існаваў звычай насіць кажух поўсцю наверх. Магчыма гэта і дало падставу да меркавання  ператварэння чалавека ў ваўка. Дарэчы, вера ў такое пераўвасабленне існавала не толькі ў Пінскім Палессі, але і на тэрыторыі ўсёй Беларусі ажно да пачатку ХХ стагоддзя.
Шмат паданняў пра ваўкалакаў захавала Гомельшчына. Так у Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Слаўгарадскім раёнах у шматлікіх народных павер’ях  сцвярджаецца, што былі добрыя і злыя ваўкалакі. Адны ваўкалакі губілі людзей, здзекваліся з іх, а другія вельмі добрыя і нічога дрэннага людзям не рабілі. Яны не ганялі жывёлу і не палявалі на яе, не елі мяса, а харчаваліся раслінамі. 
Ваўкалакаў падзялялі на добрых і дрэнных
У стане прымусовага ператварэння ваўкалакі бывалі па некалькі дзён, месяцаў і нават гадоў, але ніколі не бывалі усё жыццё. Дзе б і як бы ні было зроблена ператварэнне, яно ўсё ж было часовым, і ні адзін чарадзей не мог ператварыць на ўсё жыццё, як не мог зрабіць ператварэнне на цотную колькасць гадоў. Знаходзячыся ў стане ваўкалака, чалавек не мог памерці сваёй смерцю і час знаходжання ў гэтым стане не змяняў яго знешнасці. Пасля заканчэння тэрміну ператварэння кожны з іх захоўваў той выгляд, у якім знаходзіўся ў момант зачаравання.  

Як адмянялі чараўніцтва

Але былі сродкі дапамагчы Ваўкалакам скараціць тэрмін ператварэння. Можна было перакінуць праз ваўкалака суконны пояс або граблі, каб кінуты прадмет закрануў яго толькі заднім канцом і пераляцеў ад галавы да хваста, можна было прах галаву ваўкалака кінуць уласную кашулю ці штаны.
Пачастунак для Русалкі і земляны снядак: гатуем сыр па беларускіх рэцэптах
Сам ваўкалак таксама мог выратаваць сябе. Для гэтага трэба было, каб яго пагрызді сапраўдныя ваўкі, ці ён, ратуючыя ад драпежнікаў, кінуўся ў ваду.
Інакш справы ішлі з ваўкалакамі-чараўнікамі, якія ператвараліся ў драпежніка па ўласнаму жаданню. Такіх ваўкалакаў адносілі да нячыстай сілы, бо яны нападалі на хатнюю скаціну і людзей, пілі іх кроў, імкнучыся такім чынам атрымаць вечную маладосць. Такія напады лічыліся яшчэ больш жахлівымі, бо ад гэтага ваўкалака нельга было пазбавіцца.
Такі чараўнік не мог пераўтварыцца зноў у чалавека, пакуль не знаходзіў месца свайго пераўтварэння ў ваўкалака.
Лічылася, што выратаваць ад нападзення такой пачвары можа толькі крыжык і крэйда, якой трэба было намаляваць вакол сябе круг і шчыра маліцца.
 Цікава, што вобраз гэтага фальклорнага персанажу, не гледзячы на глыбокую старажытнасць па-ранейшаму хвалюе людзей і працягвае развівацца: ён знаходзіць увасабленне ў сучасным выяўленчым, літаратурным, кінематаграфічным мастацтве. Дагэтуль у народзе даводзіцца чуць байкі пра розныя здарэнні з ваўкалакамі, пра іх ненажэрнасць і лютасць.