Фота

Грамніцы - палова зіміцы: як у Новым Палессі адзначылі Стрэчанне

Sputnik

У невялікай вёсцы Новае Палессе, якая знаходзіцца ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, на выхадных заклікалі вясну карагодамі і спевамі. 

Праваслаўныя адзначаюць 15 лютага Стрэчанне або Грамніцы

Рана раніцай жыхары вёскі наведалі царкву і асвяцілі там галоўны атрыбут свята - грамнічныя свечкі, якія, па павер'і, могуць абараніць хату ад маланкі, таму іх раяць запальваць у навальніцу. Акрамя таго, такія свечкі з'яўляюцца абярэгам ад пажараў і нячыстай сілы.

Яшчэ аднім сімвалам свята, у якое "зіма з летам сустракаецца", з'яўляецца ялінка. Яе ўпрыгожваюць папяровымі кветкамі і ўручаюць дзяўчынцы. Дзяўчынку разам з елкай потым возяць па вёсцы і спяваюць песні, каб заклікаць вясну. Пасля ўрачыстага шэсця пачынаюцца танцы, гульні і іншыя забавы.

Карэспандэнт Sputnik Альфрэд Мікус наведаў свята і захаваў старажытны абрад на фотаздымках. Як у Новым Палессі заклікалі вясну, глядзіце ў фотастужцы.

1 / 18
Рана раніцай вясковыя жанчыны збіраюцца разам, каб падрыхтавацца да свята, на якое "зіма з летам сустракаецца".
2 / 18
Сімвалам вясны, росквіту прыроды ў сяле Новае Палессе лічаць ялінку.
3 / 18
Яе ўпрыгожваюць рознакаляровымі папяровымі кветкамі і спяваюць абрадавыя песні.
4 / 18
Яшчэ адзін, і самы важны атрыбут свята - васковая свечка - сімвалізуе шчаслівае жыццё і служыць магутным абярэгам ад нячыстай сілы, пажару і маланкі.
5 / 18
Свечкі раніцай асвячаюць у царкве і прыносяць дадому.
6 / 18
Упрыгожаную елку даюць дзяўчынцы, якую потым на санках, а калі няма снегу - на калясцы, хлопцы возяць па вёсцы.
7 / 18
Жыхары вёскі суправаджаюць гэта шэсце і спяваюць песні, каб заклікаць вясну.
8 / 18
На скрыжаваннях спыняюцца і водзяць карагоды.
9 / 18
Вясновыя песні, або вяснянкі - традыцыйныя абрадавыя спевы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
10 / 18
Елачку замацоўваюць на крыжы, а тую, што засталася з мінулага года, здымаюць - на Вялікдзень яе можна будзе спаліць.
11 / 18
Комплекс каляндарных і сямейных песень, абрадаў, якія захоўвае і практыкуе калектыў "Палескія напевы" з вёскі Новае Палессе, з 2009 года мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і ўнесены ў Нацыянальны інвентар.
12 / 18
У Лельчыцкім краі, дзе спрадвеку займаюцца бортным промыслам, мёд, воск і пчолы прысутнічаюць ва ўсіх праявах традыцыйнай культуры.
13 / 18
Пасля ўрачыстага шэсця пачынаюцца забавы. На агні смажаць сала і хлеб.
14 / 18
Напэўна, няма нічога смачней за акрайчык хлеба, які з'ядаеш на свежым паветры.
15 / 18
Кожнае свята абавязкова суправаджаецца музыкай і танцамі.
16 / 18
Дзеці і дарослыя гуляюць у традыцыйныя гульні.
17 / 18
Арэлі - таксама сімвал надыходзячай вясны і цяпла.
18 / 18
У хаце ўдзельнікаў свята чакае багаты стол.