Беларускія слоўнікі дазваляюць прасачыць, якой была родная мова ў розныя часы, чым яна жыве цяпер і як развіваецца. Каштоўнасць такіх выданняў заключаецца ў тым, што яны з’яўляюцца не проста крыніцамі інфармацыі, а ўтрымліваюць шмат дадатковых ведаў пра жыццё беларусаў, іх традыцыйную духоўную і побытавую культуру.
Напрыклад, "Беларуска-расійскі слоўнік" М.Байкова і С.Некрашэвіча. Арыгінальнае выданне пабачыла свет у 1925 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі і мела наклад у 10 тысяч экземпляраў. На пачатку 1930-ых гадоў слоўнік быў забаронены і доўгі час праляжаў у спецыяльных сховішчах бібліятэк. Прычынай гэтага сталі палітычныя рэпрэсіі, ахвярамі якіх сталі многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку, і аўтары слоўніка.
Факсімільнае выданне з’явілася ў 1993 годзе ў серыі "Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць" выдавецтва "Народная асвета".
Цяпер, бадай, толькі гісторыкі і мовазнаўцы ведаюць, чаму ў другой палове 20-х гадоў у Мінску, Коўне, Смаленску і іншых гарадах выдавалася столькі беларуска-расійскіх і расійска-беларускіх слоўнікаў розных аўтараў. У тыя гады Беларусь ахінула "беларусізацыя" і ў сувязі з гэтым з’явілася патрэба ў разнастайных слоўніках, якімі магло б карыстацца насельніцтва пры складанні справаводчых папер, у працэсе выкладання, пры напісанні навуковых прац, мастацкіх і журналісцкіх твораў, у вытворчым працэсе.
Пра гэты перыяд у жыцці Беларусі навуковец, філолаг Сяргей Запрудскі трапна заўважыў, што напрацягу 1920-х гадоў кола спажыўцоў беларускай літаратурнай мовы выйшла за межы вузкага кола культурніцкіх дзеячаў і чытачоў беларускіх газет.
Літаратурная мова ў гэты час стала здабыткам шырокіх народных мас, ёй сталі карыстацца і паступова прыйшло разуменне, што можна не проста гаварыць на беларускай мове, але і гаварыць "правільна", "нарматыўна", з выкарыстаннем яе багацця і з захаваннем пэўных нормаў, якія паступова пачыналі рабіцца агульнапрынятымі.
Цяпер "Беларуска-расійскі слоўнік" М.Байкова і С. Некрашэвіча лічыцца помнікам лексікаграфіі першых паслярэвалюцыйных гадоў, а яго аўтары шануюцца, як навукоўцы, якія зрабілі неацанімы ўнёсак ў развіццё і захаванне беларускай мовы.
Па заданню Інбелкульта ў вельмі кароткі тэрмін, усяго за 4 месяцы яны пераклалі на рускую мову звыш 20 тысяч беларускіх слоў агульнага ўжывання. Паралельна з "Беларуска-расійскім слоўнікам" аўтары разам працавалі і над "Расійска-Беларускім слоўнікам", які выйшаў у Мінску ў 1928 годзе, а Байкоў у сааўтарстве з А.Бараноўскім у 1927 годзе яшчэ выдаў "Практычны беларускі вайсковы слоўнік".
Біяграфічная даведка:
Байкоў Мікалай Якаўлевіч (1889-1944?) - сын святара з Цвярской губерніі, рускі па нацыянальнасці, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі захапіўся ідэяй адраджэння беларускай культуры і прысвяціў гэтаму ўсё сваё далейшае жыццё. Галоўнымі аб’ектамі яго навуковых заняткаў былі педагогіка, беларуская мова і беларуская літаратура. Найбольшую вядомасць атрымаў сваімі мовазнаўчымі працамі. Выкладчыцкую працу спалучаў з навуковай на пасадзе сакратара Тэрміналагічнай камісіі пры Народным камісарыяце асветы БССР, Слоўнікавай камісіі Інбелкульта і Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук. Але ў сярэдзіне 1930 годп быў звольнены з усіх пасад "як скампраментаваны ў друку і як чужы па свайму сацыяльнаму паходжанню".
Пасля гэтых падзей яму давялося жыць у галечы. Былы рэдактар часопіса "Школа и культура Советской Белоруссии", супрацоўнік часопісу "Асвета", маючы выпадковыя заробкі ў друку, ён цалкам быў пазбаўлены мэты свайго жыцця, яму было забаронена займацца любімай справай - навукай.
Апошнія гады жыцця гэтага яркага навукоўца ахінутыя таямніцамі і нават дата і месца яго смерці не вядома. Па некаторых звестках, падчас нямецкай акупацыі Мікалай Якаўлевіч Байкоў працаваў у Мінску у Інспектараце беларускіх школ і ў Выдавецтве школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі. Улетку 1944 года пяцідзесяці пяці гадовы вучоны выехаў у Германію, дзе працаваў у прапагандысцкім бюро "Вінэта". Па некаторых звестках ён быў арыштаваны ў Берліне савецкай контрвыведкай "Смерш" і перавезены ў Мінск, дзе ўтрымваўся ў мінскай турме. Далейшы яго лёс невядомы.
Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч (1883-1937) - сялянскі сын з Бабруйшчыны, у 1908 годзе скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, а ў 1913 годзе - Віленскі настаўніцкі інстытут, школьны настаўнік, які ў 20-я гады займаў розныя пасады ў Народным камісарыяце асветы і прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі Інстытута беларускай культуры, а ў 1928 годзе стаў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.
Навуковая дзейнасць Сцяпана Міхайлавіча ўражвае аб’ёмамі і шматграннасцю зробленага. Ён займаўся апрацоўкай беларускай навуковай тэрміналогіі і беларускага правапісу, укладаннем слоўнікаў, даследаваннем помнікаў беларускай пісьменнасці і беларускіх народных гаворак, стварэннем школьных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Летам 1930 года быў арыштаваны па беспадстаўнаму абвінавачванню ў буржуазным нацыяналізме і высланы ў горад Сарапул Удмурцкай АССР. Яму споўнілася пяцьдзесят чатыры, калі атрымалася вярнуцца з Сібіры на радзіму. Але гэта была не рэабілітацыя і доўгачаканая воля, а паўторны арышт. У Мінску 20 снежня 1937 года Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч быў расстраляны.
Аўтары пісалі, што мэтай іх слоўніка было "даць дапамогу пры чытанні сучасных беларускіх выданняў тым асобам, якія хаця й маюць... практычнае знаёмства з жывой беларускай мовай, але яшчэ ня зусім дакладна ўяўляюць сабе тое слоўнікавае багацце, якім уладае сучасная навукова-літаратурная мова... " і далей, акрамя іншага тлумачылі, што "ў слоўнік унесены, як правіла, тыя беларускія словы, што адрозніваюцца ад расійскіх слоў або па вымове й транскрыпцыі або па сэнсу".
У прадмове Байкоў і Некрашэвіч заўважалі, што пры карыстанні слоўнікам патрабуецца "знаёмства з элемэнтарнай граматыкай беларускае мовы " (Тарашкевіча або Лёсіка, - Sputnik) і што сам слоўнік з-за кароткага тэрміну працы над ім не з]яўляецца поўным слоўнікам беларускай мовы, ён мае пэўныя хібы, але нельга не ацаніць значны ўнёсак гэтых людзей у развіцце беларускай мовы.
Чытайце таксама: