МІНСК, 3 сак - Sputnik. Міністэрства аховы здароўя Беларусі расказала аб тым, як і калі трэба праходзіць абследаванне на каронавірусную інфекцыю.
Першы выпадак каронавіруса быў зафіксаваны ў Беларусі ў мінулую пятніцу. Да панядзелка стала вядома аб яшчэ двух выпадках. Шмат хто пачаў задавацца пытаннем: як можна праверыцца на каронавірус?
"У краіне арганізаваны пункты забора біяматэрыяла (мазок) для абследавання пэўнага кантынгенту пацыентаў на каронавірусную інфекцыю: у пунктах пропуску пры перасячэнні Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (на базе санітарна-каранцінных пунктаў), у інфекцыйных бальніцах (аддзяленнях), у асобных паліклініках (на базе кабінетаў інфекцыйных захворванняў)", - паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
Як адзначылі ў прэс-службе ведамства, у пунктах пропуску на мяжы матэрыял забіраюць у асоб, якія (у перыяд да двух тыдняў) прыбылі з эпідэмічна неспрыяльных па каронавірусе краін. Сёння такімі лічацца Кітай, Іран, Італія і Паўднёвая Карэя. Пры вяртанні ў Беларусь прапануецца запоўніць адпаведную анкету - інфармацыя дапаможа арганізаваць медназіранне і неабходныя мерапрыемствы. Потым звесткі перадаюцца ў паліклінікі па месцы знаходжання.
"У пунктах забора біяматэрыяла (мазка) на базе інфекцыйных бальніц, асобных паліклінік і кабінетах інфекцыйных захворванняў праводзіцца абследаванне дадзеных грамадзян. Тут таксама можа быць прапанавана запаўненне падрабязнай анкеты, калі грамадзянін не запаўняў дадзеную анкету на мяжы", - дадалі ў Міністэрстве аховы здароўя.
У ведамстве падкрэслілі: асобы, якія мелі цесны кантакт з хворымі на каронавірус (кантакт першага ўзроўню), павінны быць ізаляваныя, ім праводзяцца лабараторныя абследаванні.
"Кантакты 2-га ўзроўню" (тыя асобы, верагоднасць заражэння якіх вельмі нізкая: кантакт быў не працяглы ці не блізкі) знаходзяцца пад медыцынскім наглядам, іх лабараторнае абследаванне немэтазгодна", - растлумачылі ў міністэрстве.
У выпадку тэмпературы, кашлю і іншых сімптомаў ВРЗ грамадзянам, якія вярнуліся з небяспечных па каронавірусе дзяржаў і кантактам другога ўзроўня трэба выклікаць "хуткую" і паведаміць як пра сімптомы, так і пра наведванне названых краін. Ці ж паведаміць пра тое, што з'яўляецеся кантактам другога ўзроўню.
"З улікам эпідэміялагічнага становішча, усе астатнія грамадзяне праходзяць лабараторныя абследавання на каронавірусную інфекцыю COVID-19 - толькі пры наяўнасці паказанняў і па накіраванні ўрача" - заключылі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Спіс устаноў аховы здароўя, дзе можна прайсці абследаванне на каронавірус, даступны на сайце Міністэрства аховы здароўя.