І сыты, і п'яны: гэтыя супы можна ў пост – і яны вас здзівяць!

У каталікоў і праваслаўных працягваецца Вялікі пост - ён скончыцца 9 і 19 красавіка адпаведна.
Sputnik

Кніга Алены Малахавец "Падарунак маладым гаспадыням, або Сродак да памяншэння расходаў у хатняй гаспадарцы", якая змяшчае да 1500 рэцэптаў і каштоўных парад, убачыла свет амаль 160 гадоў таму. У савецкія часы яна была абвінавачана ў "буржуазнасці" і "дэкадэнцтве". Ці спадабаюцца сучаснаму чалавеку стравы, якія прапануюць прыгатаваць руплівым гаспадыням? Варта праверыць!

Вугор у віне і катлеты з селядца: незвычайныя рэцэпты з рыбай

Шмат хто не любіць супы: з самага маленства бабулі і матулі прымушалі есці іх, а потым эстафету перахапілі дзіцячы садок, школа і летні лагер. Але зараз мы прапануем некалькі рэцэптаў, якія дакладна ўпадабаюць дарослыя, нават калі ў дзяцінстве яны і чуць не хацелі пра суп. Але дзіця такімі стравамі і не накорміш.

Суп гамбургскі з аўсянымі крупамі

2 шклянкі аўсяных круп заліць вадой і варыць на маленькім агні, пакуль крупы не разварацца, затым працадзіць і працерці скрозь сіта. Уліць у адвар 2 чаркі рому, дадаць па гусце соль, цукар, лімонную цэдру, палачку карыцы, 0,5 шклянкі разынак, 0,5 шклянкі цёртага міндаля, яшчэ раз давесці да кіпення. Падаваць з грэнкамі.

Боршч з печаных буракоў з віном

Зварыць булён (у пост - агароднінны) і працадзіць яго. Спячы буракі ў духоўцы да мяккасці, дробна нашаткаваць, раскласці па талерках, апырскаць лімонным сокам, паліць белым віном і заліць гарачым булёнам.

Яблычны сыр і квашанне пад смажаніну: як нарыхтоўвалі яблыкі стагоддзі таму

Суп з піва

На дзве бутэлькі піва ўзяць 2 шклянкі вады, дадаць 1 шклянку цукру або патакі, чайную лыжку кмена або лімоннай цэдры, давесці да кіпення. Падаваць з грэнкамі (гурманы і шчаслівыя ўладальнікі хлебапечкі могуць спячы хлеб з разынкамі і лімоннай цэдрай).

Яшчэ адзін суп з піва (французскі)

Зняць цэдру з паловы апельсіна і паловы лімона, нашаткаваць яе. Апельсін і лімон ачысціць ад скуркі, нарэзаць лустачкамі, дадаць 0,5 шклянкі разынак, 3-4 вінныя ягады, 1-2 нарэзаныя кубікамі свежыя яблыкі і грушы. Тры бутэлькі светлага піва закіпяціць з карыцай, гваздзікамі і цукрам, дадаць у яго садавіну і давесці да кіпення яшчэ некалькі разоў, у канцы ўліць чарку рому або хераса, падаваць гарачым або халодным.