МІНСК, 30 сак - Sputnik. Вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі пераносяць дні адчыненых дзвярэй на пазнейшыя тэрміны, высвятліў Sputnik пасля вывучэння сайтаў ВНУ.
Традыцыйна ў сярэдзіне вясны ВНУ праводзяць дні адчыненых дзвярэй для абітурыентаў. У гэтым годзе з-за сітуацыі з распаўсюдам каронавіруса мерапрыемствы вымушана мяняюць фармат.
Так, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (БДТУ) абвясціў аб пераносе Дня адчыненых дзвярэй. Ён павінен быў прайсці яшчэ ў суботу. Новая дата пакуль не абвешчаная.
Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (БДЭУ) правёў дзень адчыненых дзвярэй у анлайн-рэжыме. Аналагічнае рашэнне прынятае і ў Белдзяржуніверсітэце: мерапрыемствы пройдуць анлайн у розныя даты ў залежнасці ад факультэта. Дарэчы, у анлайне вырашылі правесці і дзень адчыненых дзвярэй у Ліцэі БДУ.
Анлайн дні адчыненых дзвярэй пройдуць і ў Беларускім дзяржаўным педуніверсітэце - таксама ў розныя даты для розных факультэтаў. Перанеслі мерапрыемствы ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (МДЛУ), тэрміны яго правядзення пакуль не названыя.
Аб пераносе дзён адчыненых дзвярэй пакуль не паведамілі ў БДУІР. Няма такой інфармацыі і па БНТУ.
Пераносяць мерапрыемствы і рэгіянальныя ВНУ, у тым ліку Гродзенскі медуніверсітэт, Брэсцкі дзяржуніверсітэт і іншыя.