Гумар па-беларуску: як жартавалі і з чаго смяяліся нашы продкі

Этнограф Ларыса Мятлеўская расказвае пра значэнне смеху і гумару ў беларускіх абрадах і прыводзіць анекдоты, над якімі смяяліся ў XX стагоддзі.
Sputnik
Вядома, што смех здымае стрэс, стабілізуе кравяны ціск, аблягчае боль, насычае кроў кіслародам і ўмацоўвае імунную сістэму. Лічыцца, што, каб адчуць сябе шчаслівым, трэба часцей усміхацца.  А нашы продкі верылі, што пры дапамозе смеха могуць адбывацца цуды.
Беларускія народныя загадкі для дарослых
У кожнага народа сваё стаўленне да смешнага, адмысловае яно і ў беларусаў. І цяпер у народзе можна пачуць: "Няхай той смяецца, каму няймецца", "Толькі апошні па праўдзісмяецца", "Смех і грэх не схаваеш у мех", "З пасьмеху бываюць людзі".
Нягледзячы на тое, што адпаведнага свята, прысвечанага смеху, у сялян  не было, смех і гумар, элементы карнавалу прысутнічалі ў многіх каляндарных абрадах. Асабліва вылучаецца сярод іх Купалле, калі моладзі дазвалялася блазнаваць. Так, у купальскую ноч хлопцы маглі сцягнуць вароты з весніцы і схаваць іх у самым недарэчным месцы ці ўзлезці на страху і закрыць комін шклом. А  раніцай было пярэпалаху і клопатаў гаспадарам, але ніхто сур’ёзна на моладзь не злаваўся, старэйшыя пасмейваліся і ўзгадвалі падобныя гісторыі са сваёй маладосці. Дарэчы, вароты здымалі не выпадкова, а толькі ў тых, хто меў дачку, якая заседзелася ў дзеўках.
Другім быў смех у такіх язычніцкіх абрадах як Масленіца і Каляды. Тут смех быў быццам абавязковым элементам.
Даследчыкі лічаць, што асабліва вялікае значэнне рытуальнаму смеху ў старажытнасці прыпісвалася падчас святкавання вясновых каляндарных свят такіх як Масленіца і Вялікадзень. У народзе верылі, што чым  больш смеху, тым большым будзе ўраджай.
Фальклорная спадчына багата прыкладамі таго, што смех у разуменні простага чалавека - магутная і чароўная сіла, ён здольны зрабіць нежывое жывым. Так смех прыгажунь у казках ператвараецца ў кветкі, дыяменты, грошы і нават дзіця. І наадварот у чараўнікоў падчас смеху з роту выскокваюць жабы, гады, чэрві, вылятаюць кажаны.
Смех лічыцца паказальнікам псіхічнага і фізічнага здароўя чалавека. Напрыклад, нашы продкі лічылі, што добрая жонка павінна быць вясёлай.
Ёсць нават славянская казка пра нявесту, якая ніколі не смяялася. Дзяўчыне ніхто не мог дапамагчы і тады знайшоўся надзвычайны герой, які яе рассек папалам. З сярэдзіны выпаўзлі гады і тады той самы герой ажывіў яе і яна засмяялася.
У народных абрадах смех часта выступае як гарант вяртання да жыцця. Як прыклад - абрад "пахавання Дзеда" на Масленіцу, які калісці адбываўся на Віцебшчыне: ён быў поўны гратэскных паводзін і таго самага рытуальнага смеху.
Не была выключэннем і Радаўніца. Людзі казалі, што "на Радаўніцу да абеда плачуць, а па абедзе скачуць". Сэнс такіх паводзін ў перакананні, што мёртвыя не памерлі.
Смех - адзін з важных спосабаў падтрымваць добрыя адносіны з астатнімі людзьмі. Нейрабіёлаг Софі Скотт вызначае смех, як сацыяльную эмоцыю, якая дапамагае нам наладжваць адносіны незалежна ад таго, смешна нам на самой справе ці не.
Што такое "хвэст " і як яго праводзілі ў беларускіх вёсках
"Калі вы смяецеся разам з іншымі людзьмі, вы дэманструеце ім, што яны вам падабаюцца, што вы згодны з імі... Смех зяўляецца індыкатарам блізкасці адносін".
Са слоў навукоўцы, даследаванні паказалі, што смех разам дазваляе ўдзельнікам хутчэй здымаць напружанне пасля цяжкіх падзей. Так сямейная пара з агульным пачуццём гумару застаецца разам значна больш або не распадаецца зусім.  Людзі, якія смяюцца разам падчас прагляду смешнага відэа часцей дзеляцца асабістым адзін з адным і гэта паглыбляе ўзаемапаразуменне.
Смех ніколі не бывае нейтральным, ён абавязкова што-небудзь азначае. Напрыклад, робіць нас шчаслівымі, паколькі, калі мы смяемся, у нашым мозгу выпрацоўваецца эндарфін, або гармон шчасця, які дапамагае атрымваць задавальненне ад жыцця. Навукоўцы лічаць, што эндарфін выпрацоўвае нават смех праз сілу і праз пэўны час чалавек пачынае пачуваць сябе лепей. Смех – гэта выдатны спосаб каротка адпачыць, зняўшы напружанне, калі падчас працы перакінуцца вясёлым словам з калегамі, што надалей зробіць працу больш эфектыўнай. Пры дапамозе смеха можна памаладзець, паколькі падчас яго ўмацоўваюцца мышцы твару, а мімічныя зморшчыны з’явяцца ўсё адно незалежна ад таго як часта чалавек смяецца.
Чэшскі пісьменнік Карэл Чапэк аднойчы сказаў: "Гумар гэта заўсёды крышачку абарона ад лёсу". Нялёгкі лёс і горкая доля беларускага сялянства выпрацавала ў яго сваеасаблівае пачуццё гумару, а уменне пасмяяцца над сабой дапамагала справіцца з цяжкасцямі жыцця.  Каб зразумець  што лічылі смешным на пачатку ХХ стагоддзя, дастаткова пагартаць беларускія газеты таго часу і пачытаць анектоды і гумарыстычныя нататкі.
На дарозе
- Сядай, дзядзька, паедзем,
- Няма часу: трэба ісці.
Не прызнаў
Варочаючыся з кірмашу чалавечак, прыкуцнуў на дарозе і заснуў, дый так моцна, што не чуў, як і боты нехта з яго ног сьцягнуў. Ажно едзе нейкі чалавек і крычыць: "прыймай ногі!" заспаны мужык глянуўшы на свае босыя ногі, кажэ: едзь! Гэта не мае: мае ў ботах.
Растлумачыў
Куме! Як гэта з гэтым тэлеграфам, што як паціснуць на адным канцы, то гаворыць на другім?
- Гэта, братка, акурат як з сабакам: пацягні яго ззаду за хвост, а ён табе спераду забрэша.
Старасьвецкі гаспадар
Старасьвецкі гаспадар накінуўся на свайго сына: сорак гадоў, кажэ, насіў я гэтые боты, а ты, гад, за восем месяцаў іх зрэзаў.
На судзе
- Стыдна вам так часта пападацца пад суд! - кажэ суддзя на падсудзімаго.
- Падсудзімы: Ня дзіва, вашэ скароддзе, чалавек адзін – як той кол, а ў вас проці яго тысячы ўсялякіх стацей; ня штука, дык за каторую колечы і зачэпішся!
У судзе
Суддзя да  падсудзімаго:
- А ці ведаеце, што гэты вашы штучкі турмой пахнуць?
Падсудзімы:
- Скуль мне ведаць, калі такі маю катар, так залажыло мой нос, што ніякага паху ня чую.
На судзе
- Ты што ўкраў? - пытае суддзя злодзея.
- Вяроўку, кажа, з рагамі.
- З якімі  рагамі?
- З кароўімі.
- А дзе ж тая карова?
- Цягнулася і яна, падла, за гэтымі рагамі.
Сон
Мужык кажа да жонкі:
- Ведаеш, Тэкля, вельмі нешта добрае я сягоняшняй ночы прысьніў.
Жонка:
- Я такі здагадалася. Праз сон ты крыкнуў: "дай, Моўша яшчэ кварту".
Не дараваў
 - Ці праўда, што Бог забраў ужо ў цябе трэцюю жонку?
- Праўда, браце. Але я ўзяў сабе чацвёртую: Бярэ Бог – бяру і я.
Дагадзіў
Слухай, цыгане, ты прадаў мне сляпую кабылу.
Цыган. Табе ж лепей, бо будзе яна есці салому, а думаць, што сена.
Добры конь
Адзін селянін прадаваў на кірмашы свайго каня. А конь той быў худы-худы, ад ветру падаў. Селянін усё хваліў яго і выгукваў:
-Купляйце каня, не здзіўляйцеся, што ён такі худы, ён як разбяжыцца, дык бяжыць пятнаццаць вёрст і не спыняецца.
- Я б яго купіў, - кажа адзін чалавек, - але ж мне да дому ўсяго дзесяць вёрст, то ён перабяжыць маю хату.
Каля магазіна
- Што так прыглядаешся на выставу, Амілька?
- Аглядаю панчохі і не ведаю які сабе выбраць колер.
- Вось дурная, вазьмі чорныя, бо як зробіцца дзірка, дык не будзе відаць ног.
Упісана
- Што гэта ў цябе, Яська на носе сядзіць?
- Барадаўка.
- Чаму ж ты яе не звядзеш?
- Нельга: яна ў пашпарце ўпісана. За гэта, братка, пападзеш!