МІНСК, 11 мая - Sputnik. Еўрапейскі парламент разгледзіць пагадненне з Беларуссю аб спрашчэнні выдачы віз і рэадмісіі ў ходзе пасяджэння 13 мая.
Раней 23 красавіка сябры камітэта Еўрапейскага парламента па грамадзянскіх свабодах падтрымалі пагадненне па спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю. Дэпутаты беларускага парламента ратыфікавалі неабходныя пагадненні яшчэ ў пачатку красавіка, а затым прэзідэнт Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ.
Галасаванне па ратыфікацыі абодвух пагадненняў ўключана ў парадак дня пасяджэння Еўрапарламента, якое адбудзецца ў гэтую сераду. У выпадку ўхвалы пагаднення еўрадэпутатамі дакумент будзе ратыфікаваны і з боку ЕС.
У чым сутнасць дакумента?
Пагадненне Беларусі і ЕС аб палягчэнні выдачы віз прадугледжвае памяншэнне іх кошту да 35 еўра і павелічэнне тэрміну знаходжання ў два разы - да 180 дзён у годзе. Пры гэтым чакаецца, што з уступленнем дакумента ў сілу краіны ЕС стануць выдаваць грамадзянам Беларусі больш доўгатэрміновых віз.
Мінск і Брусель падпісалі візавае пагадненне ў студзені бягучага года. Праца над пакетам дадзеных дакументаў доўжылася з 2014 года. Беларускі парламент ратыфікаваў пагадненне ў пачатку красавіка - у прыярытэтным парадку.
Пагадненні ўступяць у сілу адначасова ў першы дзень другога месяца пасля абмену ратыфікацыйнымі нотамі. Калі бакам удасца завяршыць усе неабходныя працэдуры на працягу мая, то дакумент здабудзе юрыдычную сілу з 1 ліпеня бягучага года.