Рэферэндум, праведзены 14 мая 1995 года, быў ініцыяваны прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам і прайшоў насуперак дэпутацкім пратэстам.
На галасаванне былі вынесены чатыры пытанні:
- аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай;
- аб змене дзяржаўнай сімволікі;
- аб падтрымцы дзеянняў прэзідэнта, накіраваных на эканамічную інтэграцыю з Расіяй;
- аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю, якія дазвалялі б прэзідэнту распускаць Вярхоўны Савет у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Асноўнага закона.
Адказ на апошняе пытанне насіў рэкамендацыйны характар.
Беларускія выбаршчыкі падтрымалі прэзідэнта па ўсіх чатырох пытаннях. За прыняцце новага сцяга і герба прагаласавала 75,1%, за надзяленне прэзідэнта правам роспуску парламента ў выпадку грубага або сістэматычнага парушэння апошнім Канстытуцыі - 77,7%. Самую вялікую падтрымку атрымалі пытанні, якія тычыліся надання рускай мове статусу дзяржаўнай і інтэграцыі з Расіяй. "За" па гэтыя пункты прагаласавала 83,3%.
Рэфэрэндум 1995 года стаў першым у чарадзе наступных плебісцытаў, кожны з якіх выклікаў пратэст часткі грамадства, але нязменна сканчаўся безумоўнай перамогай прэзідэнта. Рэферэндум 1996 год змяніў структуру ўлады, у выніку чаго прэзідэнт атрымаў большыя паўнамоцтвы. Рэферэндум 2004 года дазволіў адной і той жа асобе займаць прэзідэнцкае крэсла неабмежаваную колькасць разоў.