МІНСК, 28 мая - Sputnik. Аранжавы ўзровень небяспекі абвясцілі ў Беларусі на пятніцу і выхадныя, пра гэта паведамілі ў Белгідраметцэнтры.
Няўстойлівае цёплае надвор'е прыйшло ў краіну ў пачатку гэтага тыдня. Кожны дзень сіноптыкі аб'яўлялі штармавое папярэджанне з-за навальніц. У гэты раз прычынай для турботы стаў моцны вецер і дождж.
"29 мая ноччу па паўднёвым усходзе, днём у многіх раёнах рэспублікі чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 метраў у секунду. У начныя гадзіны па паўднёвым усходзе рэспублікі чакаюцца навальніцы, часам моцныя дажджы. 30-31 мая захаваецца ветранае дажджлівае надвор'е", - распавялі сіноптыкі.
У Мінску днём у пятніцу таксама будзе дзьмуць моцны паўночны і паўночна-заходні вецер, хуткасць яго парываў будзе дасягаць 15-18 метраў у секунду.
Надвор'е ў рэспубліцы 29 мая будуць вызначаць актыўныя атмасферныя франты ад цыклону з цэнтрам над поўначчу Украіны. Будзе воблачна з праясненнямі. Ноччу па паўднёвым усходзе краіны дажджы, навальніцы, часам моцныя дажджы. Раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі пройдуць дажджы, месцамі будуць адзначацца навальніцы і моцныя дажджы.
У начны час тэмпература паветра складзе +7..+13°С, у сярэдзіне дня пацяплее да +13..+18°С, па паўднёвым усходзе Беларусі - да +19..+23°С.
У выхадныя захаваецца цёплае з ападкамі надвор'е. У суботу на большай частцы краіны пройдуць зацяжныя дажджы, у нядзелю - кароткачасовыя. Максімальная тэмпература паветра будзе дасягаць +23°С.