МІНСК, 15 чэр - Sputnik. Прадпрымальнік Наталля Кісель вырашыла зняць сваю кандыдатуру з выбараў прэзідэнта Беларусі, пра гэта ў яе штабе заявілі ў панядзелак.
Перадвыбарчая кампанія зараз знаходзіцца на этапе збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Сярод тых, хто ўжо заяўляў пра збор неабходных 100 тысяч подпісаў, была і прадпрымальнік Наталля Кісель.
Сёння ў штабе Кісель заявілі пра тое, што яна пакідае прэзідэнцкую гонку.
Такі крок быў запланаваны першапачаткова - вылучэннем Кісель хацела прыцягнуць увагу да праблем малога бізнесу і перавозчыкаў. Цяпер жа яна здымаецца "на карысць больш дасведчанага кандыдата".
Сабраныя подпісы плануецца "перадаць" у "агульны кошык", падзяліўшы паміж сям'ю прэтэндэнтамі: Святланай Ціханоўскай, Алегам Гайдукевічам (які першым з прэтэндэнтаў адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў выбарчай гонцы), Юрыем Губарэвічем, Ганнай Канапацкой, Андрэем Дзмітрыевым, Валерыем Цапкалам і Аляксандрам Лукашэнкам. У камандзе Кісель ўпэўненыя ў перамозе дзеючага прэзідэнта.
Адзначым, што "перадаваць" подпісы ў Беларусі нельга, бо ў падпісных лістах павінна быць паказана, за каго падпісваецца грамадзянін.
Такім чынам, на сёння ў перадвыбарнай кампаніі ўдзельнічаюць 13 прэтэндэнтаў. Сабраць і здаць подпісы яны павінны да 19 чэрвеня. Затым, у тэрмін да 14 ліпеня, пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты.Выбары прэзідэнта пройдуць у Беларусі 9 жніўня.
Хто такая Наталля Кісель?
Прадпрымальнік Наталля Кісель нарадзілася ў 1969 годзе. У яе некалькі вышэйшых адукацый, цяпер Кісель ўзначальвае прыватнае транспартнае прадпрыемства "Кісель В. В."
Апошнім часам Кісель з'яўлялася ў медыйным полі ад імя асацыяцыі грузаперавозчыкаў "Рэгіён 8". Так, яна падымала праблемы выдачы "дазволаў" і працы сістэмы BellToll.
Заявіўшы пра старт перадвыбарчай кампаніі, Кісель не праводзіла пікетаў і не здзяйсняла абыходы па хатах. Разам з тым, у штабе заяўлялі пра збор подпісаў на запраўках і ў калег. У выніку было паведамлена пра 108 тысячах подпісаў пры крыху больш чым сотні членаў ініцыятыўнай групы.