БелАЭС

Расатам чакае ў ліпені ліцэнзію на пуск першага рэактара БелАЭС

У цяперашні час другі энергаблок Беларускай атамнай станцыі выйшаў на фінішную прамую рэалізацыі праекта і праходзіць этап праліва сістэм на адкрыты рэактар.
Sputnik

МІНСК, 18 чэр - Sputnik. Дзяржаўная карпарацыя "Расатам" завяршыла будаўнічыя работы на першым блоку Беларускай атамнай электрастанцыі, паведаміў гендырэктар кампаніі Аляксей Ліхачоў на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Падрыхтоўка да этапа фізічнага пуску праходзіць на БелАЭС

Па словах кіраўніка Расатама, праект па будаўніцтву БелАЭС з'яўляецца для расійскай карпарацыі флагманскім.
"Чакаем зараз праверку Дзяржатамнагляду, беларускага рэгулятара, атрыманне ліцэнзіі на фізпуск (першага рэактара - Sputnik) чакаем у ліпені", - распавёў Ліхачоў.

У сераду таксама стала вядома, што другі энергаблок БелАЭС рыхтуюць да гідраўлічных выпрабаванняў. У ходзе дадзенага этапу з дапамогай хімічна абяссоленай вады прамываюць усё зманціраванае абсталяванне. Гэта робіцца, каб ачысціць яго ад механічных прымешак.

Раней паведамлялася, што цяпер ідзе падрыхтоўка да фізічнага пуску Беларускай АЭС. У прыватнасці, на пляцоўку першага энергаблока даставілі перасоўную дызель-генератарную станцыю.

Беларуская АЭС будуецца побач з горадам Астравец ў Гродзенскай вобласці. На двух энергаблоках будуць устаноўлены рэактары ВВЭР-1200 агульнай магутнасцю 2400 МВт. АЭС будуецца па расійскім праекце пакалення 3+, які цалкам адпавядае нормам МАГАТЭ па бяспецы. Увод другога энергаблока станцыі запланаваны на 2021 год.