Еўрасаюз заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць Бабарыку

Любое расследаванне павінна быць бесстароннім і без палітычнага ціску, падкрэсліваюць у Бруселі.
Sputnik

МІНСК, 19 чэр - Sputnik. Еўрасаюз заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта краіны Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, пра гэта заявілі сёння ў знешнепалітычнай службе ЕС.

Бабарыка можа быць зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты - ЦВК

Віктар Бабарыка, які прэтэндуе на пасаду прэзідэнта Беларусі, і яго сын Эдуард былі затрыманыя 18 чэрвеня - як заяўлялі ў КДК, яны падазраюцца ў шэрагу злачынстваў, звязаных з фінансавымі махінацыямі. У пятніцу сітуацыю пракаментавалі ў Еўрапейскім саюзе.

"ЕС заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць іх ад папярэдняга зняволення і гарантаваць поўную павагу вяршэнства закона, уключаючы справядлівае і празрыстае расследаванне і права на доступ да адваката. Любое расследаванне павінна быць бесстароннім і без палітычнага ціску", - заявілі ў Бруселі.

Адзначылі ў службе знешнепалітычных сувязяў і тое, што ЕС заклікае афіцыйны Мінск правесці канкурэнтныя выбары.

"Ні адзін патэнцыйны кандыдат не павінен быць пазбаўлены магчымасці выканаць працэдуру рэгістрацыі з-за палітычна матываваных абмежавальных мер", - падкрэслілі ў Еўрасаюзе.

Напярэдадні ў МЗС Беларусі паклікалі паслоў краін Еўрасаюза і часовага паверанага ў справах ЗША. На сустрэчы прысутнічаў кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель: ён распавёў дыпламатам пазіцыю па сітуацыі вакол банка і Бабарыкі, а таксама прапанаваў заходнім краінам узаемадзеянне ў расследаванні крымінальнай справы.

Выказалася напярэдадні па сітуацыі ў Беларусі ў цэлым кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен: яна заклікала ўлады краіны забяспечыць канкурэнтнае палітычнае спаборніцтва на выбарах прэзідэнта ў жніўні, а таксама вызваліць усіх затрыманых у ходзе першага этапу перадвыбарнай гонкі актывістаў.

Зрабілі заяву напярэдадні і Еўрапарламентарыі - яны таксама выказаліся аб неабходнасці правесці ў Беларусі адкрытыя выбары.

Справа Белгазпрамбанка

Ператрусы ў Белгазпрамбанку прайшлі 11 чэрвеня: у КДК заявілі аб узбуджэнні крымінальнай справы за фінансавыя махінацыі - ухіленне ад выплаты падаткаў і легітымізацыю атрыманых злачынным шляхам сродкаў.

У пятніцу сітуацыю, што адбываецца ў Белгазпрамбанку пракаментавалі асноўныя акцыянеры - Газпрам і Газпрамбанк. У сумесным рэлізе кампаніі заявілі аб супрацьзаконным назначэннi часовай адміністрацыі і аб парушэнні ўладамі Беларусі як беларускага заканадаўства, так і дамоваў ЕАЭС.

Экс-старшыня праўлення банка Віктар Бабарыка заяўляў пра тое, што на працягу 20 гадоў яго кіраўніцтва Белгазпрамбанкам пытанняў да дзейнасці арганізацыі ніколі не ўзнікала. Тое, што адбываецца ён называў палітычнай замовай і рэйдарскім захопам банка.