Быкаў быў франтавіком, усе жахі вайны бачыў на ўласныя вочы, менавіта таму яго проза настолькі хвалюючая, а ваенныя падзеі ў ёй вельмі праўдападобныя. Усе яго творы — ад першай да апошняй старонкі — прасякнуты напругай. Яны рэалістычныя. Яны звернуты да перажыванняў канкрэтнага чалавека.
Быкаў марыў стаць… мастаком
Нарадзіўся будучы майстар ваеннай прозы ў самай звычайнай сялянскай сям'і і з дзяцінства выяўляў здольнасці ў маляванні. Пасля заканчэння восьмага класа паступіў на скульптура ў Віцебскае мастацкае вучылішча. Але вучыцца давялося яму там усяго год.
У 1940-м годзе ўказам Сталіна была адменена дзяржаўная стыпендыя, а навучанне зрабілі платным. Будучы пісьменнік не мог дазволіць сабе плаціць за навучанне і, у сувязі з цяжкім становішчам у сям'і, быў вымушаны вярнуцца дадому. Малады Быкаў моцна перажываў, што яму прыйшлося пакінуць вучобу, але ўспамінаў потым пра гэта неахвотна.
Васіль Быкаў і Міхаіл Савіцкі
© Sputnik / Евгений Коктыш
"Вучыцца там доўга не прыйшлося, паколькі ў 1940-м стыпендыю адмянілі, і гэтыя абставіны вярнулі мяне ў вёску", — пазней мімаходам згадае ў сваёй аўтабіяграфіі пісьменнік.
Але звычка маляваць засталася — Быкаў машынальна маляваў у нататніках накіды падчас размоў. А некаторыя замалёўкі, зробленыя ў вайну, паслужылі вокладкай для кнігі Быкава "Мёртвым не баліць".
Быкаў і ваенная проза
Сам Быкаў лічыў, што яго творчы літаратурны шлях пачаўся ў 1951 годзе, калі падчас праходжання вайсковай службы на Курылах з-пад яго рукі выйшлі творы "Смерць чалавека" і "Абознік". Дэбютныя апавяданні былі прызнаны крытыкамі ўдалымі, але сам Быкаў сумняваўся ў тым, што павінен прысвяціць сваё жыццё літаратуры.
Канец 50-х — пачатак 60-х — перыяд творчых пошукаў. Быкаў піша сатырычныя мініяцюры, прыгодніцкія апавяданні, навелы маральна-этычнай тэматыкі, цыкл ваенных апавяданняў, рэцэнзіі. Падчас гэтых пошукаў Быкаў адмаўляецца ад апісальнасці, дробнай тэматыкі, аналізуе жыццё канкрэтнага чалавека, знаходзіць свой адметны склад.
У 1959-м пісьменнік звяртаецца да тэмы вайны праз аповесць "Жураўліны крык", у якой вайскоўцы гінуць у барацьбе з фашызмам, і застаецца з гэтай тэмай назаўжды. Ва ўсіх наступных творах выяўляецца характэрны для Быкава почырк — гранічна праўдзівае адлюстраванне вайны.
Праз тры гады пасля "Жураўлінага крыку" свет пабачыла аповесць "Трэцяя ракета", якая і прынесла Быкаву заслужаную вядомасць. У 1960-я гады таксама былі апублікаваны сусветна вядомыя аповесці "Альпійская балада", "Мёртвым не баліць"; у 70-е — "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да світання", "Пайсці і не вярнуцца". Звычайна Быкаў пісаў адразу на беларускай, многія са сваіх твораў пазней сам перакладаў на рускую мову.
Быкаў на экранах і ў тэатры
Першай экранізацыяй "Беларусьфільма" па Быкаву стаў фільм "Трэцяя ракета" рэжысёра Рычарда Віктарава, ён выйшаў на экраны ў 1963-м годзе. Далей былі "Альпійская балада" (1966), "Дажыць да світання" (1975), "Воўчая зграя" (1976), "Абеліск" (1977), "Узыходжанне" (1977), "Знак бяды" (1985) і іншыя.
Сучасная экранізацыя аповесці "У тумане" (2012) рэжысёра Сяргея Лазніцы ўдзельнічала ў конкурснай праграме 65-га Канскага фестывалю, а прэм'ера фільма ў Мінску суправаджалася аншлагамі. Пазней стужка атрымала шэраг узнагарод на іншых міжнародных конкурсах і актыўны водгук з боку прэсы. З гэтай нагоды імя Васіля Быкава было згадана на старонках вядомай газеты New York Times падчас прэм'ерных паказаў фільма на Манхэтэне ў ЗША.
Быкаў таксама прыцягвае і тэатральных дзеячаў. П'еса "Апошні шанец", шматлікія інсцэніроўкі па Быкаву ставіліся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Мінску, Магілёве. А радыёспектакль "У тумане" і "Кар'ер", пастаўлены ў 1990-м, адзначаны дзяржаўнай прэміяй БССР.
Беларускі Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў нядаўна прадставіў мінскаму гледачу прэм'еру спектакля Андрэя Саўчанкі "Пайсці і не вярнуцца".
Паводле Быкава таксама была напісана опера "Сцежкаю жыцця" Генрыхам Вагнерам і пастаўлены балет "Альпійская балада" з музыкай Яўгена Глебава.
Памяць пра Быкава
Не стала Быкава ў 2003 годзе, ён памёр у анкалагічным шпіталі ў Бараўлянах і быў пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Характэрна, што ў беларускай сталіцы да гэтага часу няма вуліцы Быкава, за выключэннем Ждановіч у Мінскім раёне, дзе знаходзілася дача пісьменніка.
Не так даўно мінчукі выступілі з ініцыятывай назваць у гонар Быкава адну з праектуемых станцый трэццяй лініі метро. Не гледзячы на 35 тысяч подпісаў пад петыцыяй, мінскі метрапалітэн пакуль што застаецца без станцыі Быкава.
Чытайце таксама:
"Жыць трэба сумленна": шляхам жыцця Янкі Брыля
Паэт, франтавік, крытык і перакладчык: біяграфія Пімена Панчанкі
Палітык, дыпламат і паэт: біяграфія Генадзя Бураўкіна
Пісьменнік, сцэнарыст, літаратуразнаўца: біяграфія Алеся Адамовіча