Радзіма агрэсту — Заходняя Еўропа. У пісьмовых крыніцах узгадваць ягаду пачалі з ХІ стагоддзя, калі яе вырошчвалі манахі ў садах пры кляштарах. Дарэчы, у тыя ж часы вырошчвалі расліну і ў Расіі, дзе ў старажытнасці яе называлі "огрыз", "крыж" і "берсень". У Беларусі ў некаторых мясцінах вясковыя жыхары называлі агрэст "яграст".
Паступова дзікі агрэст акультурвалі. Пік дасягненняў у селекцыі расліны прыйшоўся ў XVIII-XIX стагодззях на Англію, дзе было выведзена шмат буйнаплодных гатункаў. Магчыма, адсюль у сады еўрапейскіх дзяржаў і ў тым ліку ў Вялікае Княства Літоўскае траплялі новыя гатункі агрэсту. Невядома, ці займаліся селекцыяй гэтай культуры беларускія гаспадары, але ёсць звесткі, што пры фальварках нашай шляхты існавалі цэлыя агрэставыя плантацыі.
Ягаду называлі "паўночным вінаградам" і нават экспартавалі. Асабліва цанілася вырабленае з яго віно — шыпучае, падобнае да шампанскага.
Рэцэпты ад літоўскай гаспадыні
У кулінарных кнігах таго часу шмат рэцэптаў з агрэсту. Напрыклад, у кнізе Ганны Цюндзявіцкай "Літоўская гаспадыня". Твор напісаны ў сярэдзіне XIX стагоддзя, калі культура была вельмі моднай. З далікатнай на смак ягады гатавалі не толькі салодкія дэсерты і напоі, але і соусы да мяса. Былі ў тагачасных гаспадыняк рэцэпты агрэста для пенак на зіму, белага і ружовага жэле, агрэставага торту і нават стравы з куранят з агрэстам.
Каб захаваць агрэст на зіму, яго змяшчалі ў адмысловая бутэлькі, а зімой дадавалі ў стравы па патрэбе.
"Каля пятнаццатага ліпеня зняць буйны агрэст, ачысціць яго ад чаранкоў, ссыпаць у сухія бутэлькі і ў той жа дзень закаркаваць, асмаліць і паставіць у склеп у пясок. Добра мець спецыяльныя бутэлькі, з больш шырокай адтулінай і шыйкай. Такі агрэст ужываецца як гарнір да розных страў. Акрамя таго, звараны, ён служыць зімой прыправай для пенак і крэмаў", — піша Цюндзявіцкая пра захаванне агрэсту на зіму.
Каб прыгатаваць агрэст для пенак на зіму, літоўская гаспадыня прапануе "ягады з бутэлек зварыць у вадзе да мяккасці, працерці праз сіта, а атрыманым мармеладам запраўляць пенкі, узбітыя з бялкоў, дадаўшы ваніль".
Агрэставая таблетка ад усіх хвароб
Агрэст — непаўторная па сваіх карысных якасцях ягада. Яна ўтрымвае ў сабе вітаміны С, Р, В і А. Ёсць у ёй шмат фосфара, медзі, жалеза, калія, натрыя, магнія. Лісце агрэсту ўтрымвае ў сабе дубільныя і фарбуючыя рэчывы.
Пры дапамозе агрэсту можна лячыць малакроўе, носавыя крывацёкі, захворванні слізістай абалокі ротавай поласці і парушэнне абмену рэчываў. Таксама ягада выкарыстоўваецца як жоўцегонны сродак і нармалізуе артэрыяльны ціск.
Асаблівую каштоўнасць маюць ягады агрэсту цёмнай афарбоўкі. Яны ўтрымліваюць вітамін Р і вялікую колькасць пекцінавых рэчываў, што спрыяе вывядзенню з арганізма чалавека солей цяжкіх металаў і радыёнуклідаў. Настой пладоў агрэсту выводзіць з аргаганізму шкодны халестэрын, у сумесі з мёдам карысны пры скураных хваробах.
Людзям з язвай страўніка і дванаццаціперснай кішкі, калітамі і энтэракалітамі ўжываць агрэст забаронена, а пры хваробах нырак ягады ўжываюць у невялікіх колькасцях.
Страва з куранят з агрэстам
Прапаную прыгатаваць куранят з агрэстам — страву ад Вінцэнты Завадскай.
Інгрыдыенты:
Як гатаваць:
Зварыць парэзаных на кавалкі куранят у юшцы з розным карэннем. Недаспелы агрэст патушыць у некалькіх лыжках гэтай юшкі, дадаўшы цукар. Падсмажыць муку ў растопленым масле, развесці юшкай, дадаць падтушаны агрэст, заліць ім куранят і перад падачай яшчэ раз давесці да кіпення.
Каб кураняты былі прыгажэйшымі і мяккімі, іх можна, абмакнуўшы ва ўзбітыя яйкі і сухары, падсмажыць на масле, а потым патушыць у соусе.
Смачна есці!