Купалле – адно з самых любімых беларусамі святаў, традыцыя святкавання якога захавалася і дагэтуль. Шматлікія калектывы і аматары беларускай культуры штогод ладзяць музычныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да таямнічага дзейства.
Зладзілі любімае свята і ў аграсядзібе "Хутар Дудара" бліз Ракава. Госці спявалі, танчылі, вадзілі карагоды і каштавалі самыя смачныя беларускія прысмакі.
Цягам усяго дня наведвальнікаў чакалі прагулкі па лесе і лузе, купанне ў рацэ Яршоўка, пляжны адпачынак, футбол, валейбол і настольныя гульні. Аматары традыцыйных беларускіх забавак удзельнічалі у майстар-класе па вырабе свечак.
Абавязковая частка кожнага купальскага свята – спеўныя сходы-карагоды, пляценне вянкоў і падрыхтоўка вогнішча. Для гэтага дзяўчаты і хлопцы аб’ядноўваюць свае сілы.
Яркай кропкай гэтага свята стала прэзентацыя новага праекта легендарнага музыкі Івана Кірчука, салісткі Вялікага тэатра Беларусі Маргарыты Ляўчук і заснавальніка гурта Vuraj Сяргея Доўгушава - "Try Nice".