Пояс Пане Каханку і шаблю Радзівіла Рыбанькі пакажуць у Нясвіжы ў жніўні

Старадаўнія прадметы стануць часткай выставы пахавальнай культуры роду Радзівілаў. У яе таксама ўвойдуць адзенне і ўзнагароды іншых знакамітых князёў.
Sputnik

МІНСК, 14 ліп - Sputnik. Выстава, прысвечаная пахавальнай культуры Радзівілаў, адкрыецца ў памяшканнях побач з палацавай капліцай 1 жніўня. Пра гэта Sputnik расказала першы намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Наталля Жарко.

Як адпачывалі і жартавалі князі Радзівілы

Пад касцёлам Божага цела ў Нясвіжы размяшчаецца ўнікальная для Усходняй Еўропы пахавальня адной сям'і. У крыпце знаходзіцца 70 саркафагаў з парэшткамі роду Радзівілаў, самаму старому пахаванню больш за 400 гадоў.
Пахавальную культуру князёў неаднаразова спрабавалі вывучыць спецыялісты з розных краін. Так ў 2016-м і 2017-м годзе Нясвіж некалькі разоў наведвалі літоўскія навукоўцы, якія ўзламалі шэраг трунаў і правялі антрапалагічныя даследаванні парэшткаў. У саркафагах таксама выявілі каштоўныя для гісторыі рэчы: адзенне, узнагароды, зброя, прадметы рэлігійнага культу. Найбольш значныя з іх вырашылі пакінуць у фондах музея-запаведніка "Нясвіж" для далейшай рэстаўрацыі і экспанавання.

Першапачаткова выставу пахавальнай культуры князёў планавалі адкрыць у чэрвені гэтага года, аднак, па словах Наталлі Жарко, узніклі тэхнічныя пытанні, таму дату перанеслі на жнівень.

"Найбольш важнымі сярод прадметаў экспазіцыі з'яўляюцца фрагменты шаблі "карабела" (XVII-XVIII стагоддзе), знойдзенай у саркафагу вялікага гетмана Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, і Слуцкага пояса (XVIII стагоддзя) з пахавання Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Каханку. У Беларусі захавалася ўсяго паўтара дзясятка паясоў падобнага тыпу", - удакладніла першы намеснік дырэктара музея-запаведніка.

Асноўная экспазіцыя размесціцца ў прытворы палацавай капліцы. Галоўным яе элементам стане гравюра Castrum doloris (у перакладзе з латыні "замак болю" - Sputnik). На ёй намаляваны пахавальны намёт, зробленыя да пахавання Ганны Сангушкі Радзівіл. Цырымонія развітання з гэтай княгіняй доўжылася цэлы год, перш у Міры, дзе яна памерла, потым у замку ў Бяла-Падлясцы, і затым ужо ў Нясвіжы.

Дарэчы, цяпер у музеі нешматлюдна - колькасць наведвальнікаў падчас пандэміі каронавіруса зменшылася у шэсць разоў, - таму даведацца пра традыцыі пахавання старажытнага роду і паглядзець на рэчы знакамітых князёў, хутчэй за ўсё, можна будзе ў цішыні і спакоі.

Чытайце таксама: