МІНСК, 5 жні - Sputnik. Незалежныя назіральнікі зафіксавалі больш за дзве тысячы парушэнняў у першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі.
Датэрміновае галасаванне стартавала ў Беларусі ў аўторак. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, у першы дзень у выбарах прыняло ўдзел крыху менш за 5% выбаршчыкаў.
Як паведамілі ў сераду ў ініцыятыве па назіранні за выбарамі "Сумленныя людзі", было зафіксавана 2056 парушэнняў выбарчага заканадаўства.
"Па большай частцы з іх ужо ўчора пададзеныя звароты ў тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі", - паведамілі ў ініцыятыве.
Аб зафіксаваных парушэннях заяўляла і ініцыятыва "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Назіральнікі ад грамадскіх арганізацый, большасць з якіх з'яўляюцца членамі прафсаюзаў, БРСМ і "Белай Русі", аб парушэннях на дадзены момант не паведамлялі.
Як раней у сераду заяўляла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, скаргі сапраўды паступаюць.
"Яны звязаны з адным: не ўсе назіральнікі, якія прыйшлі, трапілі на выбарчыя ўчасткі", - заявіла Sputnik кіраўніца Цэнтрвыбаркама.
Агульная колькасць пададзеных назіральнікамі скаргаў Цэнтравыбаркамам пакуль не апублікавана.
Датэрміновае галасаванне прадоўжыцца на выбарах да 8 жніўня ўключна. Асноўны дзень галасавання прызначаны на 9 жніўня. За пост прэзідэнта змагаюцца пяць кандыдатаў: Святлана Ціханоўская, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Чарэчань, Ганна Канапацкая і Аляксандр Лукашэнка.