Невялічкая вёска Флер'янава знаходзіцца ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Менавіта тут у свае часы квітнела сядзіба Бохвіцаў, куды на мяжы XIX-XX стагоддзя з'язджаліся беларускія і польскія літаратары. Наведваўся сюды і будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Уладзіслаў Рэймант і пісьменніца Элаіза Ажэшка. Магчыма, гэта і выратавала сядзібу ад разбурэння, якое стала лёсам для шматлікіх гістарычных помнікаў краіны.
Гісторыя сядзібы пачалася ў 60-ых гадах XIX стагоддзя, калі Ян Атон Бохвіц прыехаў сюды пасла года ў астрогу, які атрымаў за ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага. Ён вельмі паважаў свайго бацьку Фларыяна, таму змяніў назву маёнтка з Новых Вошкаўцаў на Фларыянава, якое з цягам часу стала Флер'янавым.
Развіццём сядзібы ўвесь час займаўся Ян: у лепшыя часы тут налічвалася 19 пакояў, а асаблівай гордасцю была крокетная пляцоўка і вялікая колькасць экзатычных раслін.
Сёння флер'янаўская сядзіба - гэта цагляны франтон з неагатычнымі вокнамі, які хавае драўляны будынак. У 2012 годзе гэтае месца выкупіў пенсіянер і былы старшыня Генрых Міхайлавіч Траццяк. Зараз разам са сваёй жонкай Ларысай Паўлаўнай ён за ўласныя сродкі аднаўляе сядзібу і праводзіць экскрусіі для рэдкіх гасцей.
У спісе наведвальнікаў аказаўся фотакарэспандэнт Sputnik Альфрэд Мікус. Як зараз выглядае сядзіба Бохвіцаў, глядзіце ў фотастужцы Sputnik.
Глядзіце таксама: