Ад 14 па 29 жніўня святкуюць Спас — старажытнае земляробчае свята, звязанае з выспяваннем пладоў. Згодна з народнымі традыцыямі гэта свята адзначаюць тройчы.
Першы — Мядовы Спас, або Макавей адзначаецца 14 жніўня па новым стылі. Другі — Вялікі або Яблычны Спас — свята Праабражэння Гасподняга — адзначаецца 19 жніўня, а трэці — Малы або Хлебны Спас прыходзіцца на 29 жніўня.
Раскуры дымар і даставай пчол
Мядовы Спас або Макавей традыцыйна пачынаецца са святочнага набажэнства, падчас якога асвячаюць мёд. Для пчаляроў гэта асаблівы дзень, бо напарэдадні мёд даставалі з вулляў.
У сонечны дзень зранку апраналі чысту бялізну, халат і маску-мяшок на галаву. Абавязкова трэба было добра вымыць рукі і нацерці іх пчалінай травой. Да вулляў адпраўляліся з раскураным дымаром. На гэты час жывёлу пакідалі ў хляве, а дзеці самі хаваліся ў хаце ў чаканні салодкага пачастунку.
Дарэчы, паводле народнага звычаю, калі даглядаючы пчол, бортнік у гэты дзень пашкадуе даць мёду хоць аднаму з дзяцей, якія прысутнічалі пры гэтым, пчолы прападуць.
Знікнуць пчолы — свету канец
Існавала ў народзе і павер'е, адкуль узяліся пчолы. Старэнькі дзядок Іспас хадзіў па зямлі і правяраў, ці паўсюдна ў яго гаспадарцы парадак. Ішоў ён па моры-акіяне і ўбачыў, як пасярэдзіне на вялікім камені прыгожая дзяўчына сядзела і горка плакала.
Іспас падыйшоў і запытаўся, чаму дзяўчына гаруе. Тая распавяла, што збегла да мора ад Божага гневу, бо ў школе Бог распавядаў пра стварэнне свету, а святы Пётра шчыпаў яе ціхенька за бок, таму яна пачула не ўсе божыя словы і засаромелася перапытаць.
Іспас пашкадаваў дзяўчыну і ператварыў яе ў пчаліную матку, а слёзы яе зрабіліся маленькімі пчолкамі. З таго часу пчолы лічацца божымі істотамі, а ў народзе кажуць, што калі яны знікнуць, то прыйдзе канец усяму свету.
Спасаўка-ласаўка, або Пачастункі старога бортніка
Наперадзе двухтыднёвы пост, празваны ў народзе "спасаўкай-ласаўкай". У адрозненне ад "пятроўкі-галадоўкі" ў гэтую багатую на грыбы і гародніну пару селянін ужо не адчуваў сябе такім галодным. Былі нават асаблівыя стравы, якія гатавалі ў гэтыя часы.
Грушы з мёдам
Інгрыдыенты:
Як гатаваць:
Салодкія, але не пераспелыя грушы нарэзаць, як захочацца, паліць мёдам і даць пастаяць некаторы час. Для гэтага ласунка лепш браць летнія раннія грушы.
Аўсяны кісель
Інгрыдыенты:
Як гатаваць:
Трэба запарыць аўсяную муку або шматкі. Да запаранай мукі неабходна дадаць трошкі хлебнай закваскі і паставіць сумесь у цёплае месца.
Праз некалькі гадзін, як толькі пачне пузырыцца, працадзіце і памалу пракіпяціце, увесь час мяшаючы. Дадайце соль, цукар па смаку. Пасля гэтага разліце па формах і астудзіце. Есці можна проста без нічога, а можна з вяршкамі, з малаком ці мёдам. Вясёлых святаў і смачна есці!