Спас нашы продкі адзначалі тройчы - спачатку Мядовы, потым Яблычны, а затым Хлебны. Да першага - 14 жніўня - асабліва рыхтаваліся пчаляры, бо напярэдадні даставалі мёд з вулляў, а потым асвячалі яго ў царкве.
З гэтым святам звязана шмат цікавых прыкмет. Напрыклад, традыцыйна на Спас вернікі ходзяць да крыніц, бо вераць, што вада ў гэтыя часіны можа быць гаючай і вылечваць усе хваробы. Штогод гэты абрад выконваюць на Любаншчыне - жыхары адразу некалькіх вёсак накіроўваюцца ва ўрочышча Студзянец. На гэты раз з імі быў і фотакарэспандэнт Sputnik Альфрэд Мікус.
Перш чым накіравацца да крыніцы, мясцовы святар айцец Яўгеній зладзіў святочнае набажэнства, пасля якога вернікі разам з абразом Божай Маці накіраваліся да ўрочышча. Існуе паданне, што вада дапамагае толькі тым, хто прайшоў шлях ад царквы і назад, таму вернікі заўсёды пешшу прайшлі 6 кіламетраў.
Каля вады святар асвяціў прынесены вяскоўцамі мёд - гэта таксама абавязковая традыцыя Мядовага Спаса.
Напрыканцы цырымоніі ўсе ўдзельнікі вярнуліся дадому і там сабраліся на святочны абед са спевамі і танцамі.