Польшча, Чэхія, Славакія і Венгрыя гатовыя ўвесці бязвіз для беларусаў

Пакет мер па падтрымцы беларусаў Вышаградская чацвёрка прадставіць на бліжэйшым пасяджэнні Еўрасавета.
Sputnik

МІНСК, 12 вер - Sputnik. Краіны Вышаградскай групы гатовыя ўвесці для грамадзян Беларусі бязвізавы рэжым, паведаміў у Любліне ў пятніцу польскі прэм'ер Матэуш Маравецкі пасля сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў Чэхіі, Славакіі і Венгрыі.

Прэм'еры Венгрыі і Славакіі не падтрымалі сустрэчу з беларускай апазіцыяй

"Мы хочам прапанаваць бязвізавы рух для беларускіх грамадзян", - сказаў ён, удакладніўшы, што гаворка ў дадзеным выпадку ідзе аб пакеце мер па падтрымцы беларусаў.

Па словах Маравецкага, дадзены пакет Вышаградская чацвёрка прадставіць на бліжэйшым пасяджэнні Еўрасавета.

Польскі прэм'ер таксама адзначыў, што чатыры дзяржавы хочуць зрабіць для беларускага грамадства эканамічную прапанову, звязаную з малымі і сярэднімі прадпрыемствамі.

Нагадаем, для грамадзян рэспублікі кошт шэнгенскай візы складае 35 еўра. Гэта прадугледжана Пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, якое ўступіла ў сілу з 1 ліпеня. Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС ішлі больш за пяць гадоў, да гэтага беларусы былі вымушаныя плаціць за візы 60 еўра, а некалькі месяцаў у 2020 годзе - 80 еўра.

Масавыя пратэстныя акцыі апазіцыі пачаліся па ўсёй Беларусі 9 жніўня пасля выбараў прэзідэнта. Па дадзеных ЦВК, на іх у шосты раз перамог Аляксандр Лукашэнка, які набраў 80,1% галасоў. Апазіцыя лічыць, што большасць беларусаў прагаласавала за Святлану Ціханоўскую, а афіцыйныя вынікі былі сфальсіфікаваныя.

У першыя дні пратэстныя акцыі душыліся сілавікамі. У дачыненні да пратэстуючых, якія не згодны з вынікамі выбараў, ужывалі слезацечны газ, вадамёты, светлашумавыя гранаты і гумовыя кулі.

Пасля гэтага шэраг краін Еўрасаюза заявіў аб увядзенні санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за сілавыя разгоны мірных акцый пратэсту. Літва, Латвія і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю 30 беларускіх грамадзян.