МІНСК, 14 сне - Sputnik. Беларусь прапрацоўвае пытанне аб закупцы вакцыны ад COVID-19 і арганізацыі яе вытворчасці, заявіў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка ў эфіры тэлеканала АНТ.
"З дапамогай расійскіх калег актыўна працуем і над закупкай вакцыны ад каронавіруса, і над тым, каб пачаць у сябе яе вытворчасць", - сказаў віцэ-прэм'ер.
Паводле яго слоў, у праекце бюджэту-2021 закладзена каля 50 мільёнаў рублёў на закупку вакцыны ад каронавіруса, каб прышчапіць каля двух мільёнаў грамадзян краіны.
Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што краіна поўнасцю забяспечана ўсімі неабходнымі медыкаментамі, сродкамі індывідуальнай абароны і сродкамі дэзінфекцыі для барацьбы з COVID-19.
"Мы перапрафілявалі нашы прадпрыемствы на выпуск запатрабаваных медпрэпаратаў, перагрупавалі ложкавы фонд. Выпускаем медыцынскія маскі, рэспіратары, ахоўныя касцюмы, дэзінфікуючыя сродкі ў дастатковай колькасці. Мы разгарнулі вытворчасць усяго неабходнага для абароны ўрачоў і пацыентаў літаральна на працягу паўгода, каб не залежаць ні ад каго", - запэўніў Петрышэнка.
Нагадаем, Беларусь стала першай замежнай краінай, у якой стартавалі клінічныя даследаванні расійскай вакцыны ад COVID-19 "Спутник V". Пазней стала вядома, што прэс-сакратар беларускага прэзідэнта Наталля Эйсмант увайшла ў групу людзей, якіх прышчапілі расійскай вакцынай "Спутник V", паведаміўшы журналістам, што "адчувае сябе выдатна". Таксама раней дзеянне прэпарата на сабе выпрабаваў і прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.