МІНСК, 16 сне - Sputnik. Беларускія дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект аб дзяржаўнай службе, яе ў Авальнай зале прадставіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.
Сёння ў Мінску праходзіць пасяджэнне чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Акрамя зменаў і змяненняў у закон "Аб дзяржаўнай службе", дэпутаты ў першым чытанні разгледзелі і прынялі законапраект "Аб узносах у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва". Адзначаючы важнасць удасканалення закона аб дзяржслужбе з улікам сучасных рэалій, Касцевіч сказала, што ў нязменным выглядзе ён дзейнічае ўжо больш за 17 гадоў.
"(...) мае патрэбу ў пераглядзе з улікам як практыкі прымянення, так і ў сувязі з неабходнасцю вызначэння новых перспектыўных напрамкаў развіцця інстытута дзяржаўнай службы ў змененых сацыяльна-эканамічных умовах", - цытуе міністра агенцтва БелТА.
Паводле яе слоў, галоўная мэта пераўтварэнняў - павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання.
Касцевіч адзначыла, што ў сістэму дзяржаўных органаў павінны прыходзіць "не выпадковыя людзі на кароткатэрміновы перыяд, а высокапрафесійныя, таленавітыя кіраўнікі".
Міністр удакладніла, што праект закона быў падрыхтаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы, дадзеным 26 ліпеня 2018 года на нарадзе па пытаннях сацыяльна-прававых гарантый дзяржаўных служачых і павышэння прэстыжу дзяржаўнай службы.
У праекце закона, у прыватнасці, замацоўваецца цэласная сістэма дзяржаўнай службы, якая складаецца з дзяржаўнай грамадзянскай службы, ваеннай службы, службы ў ваенізаваных арганізацыях.