БелАЭС

У Беларусі ўстанавілі тарыфы на "атамную" электрычнасць

Улады рэспублікі не сталі чакаць поўнага ўводу БелАЭС у эксплуатацыю і ўсталявалі стымулюючыя тарыфы на спажыванне электрычнасці для насельніцтва.
Sputnik

МІНСК, 21 сне - Sputnik. Насельніцтва зможа выбіраць зручны для сябе тарыф спажывання электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння, паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт Sputnik.

Каранкевіч: увод БелАЭС дазваляе ўстанавіць выгадныя тарыфы для насельніцтва

Паводле яго слоў, ужо да поўнага ўводу першага энергаблока БелАЭС прынята рашэнне пра тарыфы на электрычную энергію.

"Яны ўстаноўлены ў рамках стымулявання павелічэння выкарыстання электрычнасці. У прыватнасці, гэта тарыфы, якія ўстаноўлены для насельніцтва для выкарыстання ў мэтах ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Ёсць магчымасць выбіраць паміж гэтымі тарыфамі", - запэўніў кіраўнік Мінэнерга.

Віктар Каранкевіч удакладніў, што калі ўсталяваны асобны прыбор уліку ён складзе 3,74 капейкі, калі выкарыстоўваць адзін прыбор уліку на ўсе мэты (прыгатаванне ежы, асвятленне, бытавыя прыборы, ацяпленне) гэты тарыф складзе - 8, 34 капейкі.

Пры гэтым ён яшчэ раз звярнуў увагу, што такое рашэнне ў дачыненні да насельніцтва ўжо прынята.

"У далейшым яны будуць мяняцца ў тых жа параметрах, што і тарыфы на ацяпленне для насельніцтва, каб выканаць прапорцыю і парытэт", - растлумачыў міністр энергетыкі.

У дачыненні да рэальнага сектара эканомікі таксама ўстаноўлены асобныя тарыфы. Гэта тычыцца электракацельняў, якія забяспечваюць падагрэў вады для спажывання жыллёвымі фондамі.

"З 1 студзеня 2021 года плануецца ўвядзенне новага тарыфнага плана для энергаёмістых вытворчасцяў. У залежнасці ад павелічэння аб'ёмаў спажывання электрычнай энергіі гэтыя тарыфы будуць градзіравацца ў бок зніжэння", - удакладніў Віктар Каранкевіч.

Напрыканцы ён яшчэ раз растлумачыў, што чым больш будзе спажывацца электраэнергіі, тым ніжэй будзе тарыф.