МІНСК, 23 сне - Sputnik. Калі завершыцца пандэмія каронавіруса, і чаму "як раней" ужо не будзе, распавёў дацэнт кафедры біяхіміі Таўрычаскай акадэміі Крымскага федэральнага ўніверсітэта Уладзімір Аберамак.
Паводле яго слоў, да лета 2021-га як мінімум у паўночным паўшар'і ўжо выпрацуецца калектыўны імунітэт. Прычым, з прыходам цяпла узровень захворвання знізіцца. Але наступнай восенню свет накрые трэцяя хваля COVID, лічыць ён.
"На мой погляд, зімой-вясной 2022 года пандэмія практычна завершыцца. Мы вернемся ў нармальнае рэчышча жыцця. Я не сцвярджаю, што людзі будуць жыць гэтак жа, як і ў 2019 годзе. Свет у пэўным сэнсе зменіцца ў любым выпадку, але адчуванне абароненасці і адкрытасці межаў паміж краінамі да гэтага часу з'явіцца", - сказаў Аберамак.
На думку вірусолага, завяршэння пандэміі ў 2022-м можна чакаць адразу па некалькіх прычынах. І ключавая з іх - эфектыўная вакцынацыя.
"Па-другое, большасць людзей ужо перахварэюць на каронавірус, і ў іх захаваецца імунітэт. Па-трэцяе, чалавецтва псіхалагічна звыкнецца з каронавірусам", - адзначае навуковец.
Акрамя таго, паўторнае заражэнне перахварэлых як мінімум у бліжэйшыя гады будзе малаверагодным, а COVID муціруе адносна павольна ў параўнанні з іншымі РНК-змяшчальнымі вірусамі. Таксама Аберамак не выключае, што і сам па сабе каронавірус з часам пачне "слабець" і смяротнасць будзе ніжэйшая, чым цяпер.
Нагадаем, раней Сусветная арганізацыя аховы здароўя зарэгістравала новы тыднёвы рэкорд: у свеце заразіліся каронавірусам 4,6 мільёна чалавек. Больш за ўсё тых, хто захварэў на каронавірус у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, а смяротных вынікаў - у еўрапейскім рэгіёне.