МІНСК, 24 сне - Sputnik. Працоўны кодэкс Беларусі пераклалі на беларускую мову, паведамілі ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі (НЦПІ).
Удакладняецца, што экспертны савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Мінюста, Мінкульта, Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, вядучых ВНУ краіны і іншых арганізацый, у тым ліку недзяржаўных, ухваліў дадзены пераклад і рэкамендаваў яго для размяшчэння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Працоўны кодэкс стаў шостым заканадаўчым актам, перакладзеным на беларускую мову ад пачатку працы экспертнага савета. Раней з'явіўся пераклад Кодэкса аб шлюбе і сям'і, Выбарчага, Грамадзянскага, Жыллёвага кодэксаў, а таксама кодэкса аб зямлі.
Азнаёміцца з тэкстамі дадзеных дакументаў можна ў раздзеле "Кодэксы Рэспублікі Беларусь" на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.