Расіяне выйгралі Калядную гонку, беларусы - восьмыя

Прадстаўнікі Беларусі - Дынара Алімбекава і Антон Смольскі - прайгралі лідарам гонкі на фінішы больш за дзве хвіліны.
Sputnik

МІНСК, 29 сне - Sputnik. Прадстаўнікі Расіі выйгралі традыцыйную Калядную гонку ў Рупольдынгу, перадае Sputnik.

Апошнія біятлонныя спаборніцтвы года адбыліся ў панядзелак, 28 снежня, за месца на п'едэстале змагаліся дзевяць камандаў.

Лепшымі ў гонцы стала каманда Расіі - Яўгенія Паўлава і Мацвей Елісееў, срэбныя медалі - у немцаў Францыска Пройс і Сымона Шэмпа, бронза - у іх суайчыннікаў Дэніз Херман і Бенедыкта Доля.

Беларусы Дынара Алімбекава і Антон Смольскі сталі на фінішы восьмымі, прайграўшы лідарам 2 хвіліны і 14 секунд.

У "Каляднай гонцы" беларускія біятланісты ўдзельнічалі некалькі разоў. У 2002 годзе Вольга Назарава і Аляксей Айдараў занялі восьмае месца, у 2004-м Алена Зубрылава і Уладзімір Драчоў фінішавалі чацвёртыя, у 2009-м на такой жа пазіцыі спаборніцтвы завяршыў інтэрнацыянальны дуэт Дар'і Домрачавай і Дамініка Ландэртынгера. У 2018-м Домрачава разам з мужам Уле-Эйнарам Б'ёрндаленам па выніках двух гонак сталі трэцімі.

"Калядная гонка", у якой выступаюць зоркі сусветнага біятлона, традыцыйна праходзіць на хатнім стадыёне футбольнага клуба "Шальке" ў Гельзенкірхене. У гэтым годзе яна з-за каронавіруса змяніла месца прапіскі на Рупольдынг.