Тыдзень роднай мовы праводзіцца ў Беларусі

Прэзентацыі, круглыя сталы і іншыя мерапрыемствы прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.
Sputnik

МІНСК, 15 лют – Sputnik. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы 15-22 лютага, паведамілі ў прэс-службе НАН Беларусі.

"У 2021 годзе, вызначаным у нашай краіне як Год народнага адзінства, асаблівае значэнне набывае навукова-практычнае забеспячэнне паспяховага функцыянавання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, у якіх павінна выкарыстоўвацца дзяржаўная мова краіны і мова тытульнай нацыі. База для гэтага створана ў акадэмічным Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН", - адзначылі ў прэс-службе.

Там таксама дадалі, што менавіта гэтая ўстанова забяспечвае каардынацыю і правядзенне сістэмных даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства. У гэтым годзе інстытут запланаваў правесці адразу некалькі буйных мерапрыемстваў. 15 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі пройдзе круглы стол "Акадэмік Яўхім Карскі - заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф".

Падзея прымеркавана да 160-годдзя вучонага і 100-годдзя Інбелкульта.

Калядныя спевы: "Я каза-страказа, паўбока луплена, за тры грошы куплена..."

16 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя кнігі "Шкляр Г.З. Выбраныя Працы. Моўная спадчына", а таксама круглы стол "Беларуская мова ў кітабах". Кітабы ствараліся з XVI стагоддзя татарамі, якія пасяліліся ў Вялікім княстве Літоўскім. Гэта шматмоўныя рукапісы на арабскай мове, у якіх пры гэтым пераважае беларуская народна-дыялектная мова. У іх адлюстраваны побыт, традыцыі татараў-перасяленцаў, таму гэта яшчэ і каштоўны матэрыял для гісторыкаў, лінгвістаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў.

Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА. Яго галоўная мэта - захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымка нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Чытайце таксама: