Назва прыйшла, хутчэй за ўсё, ад паганскага бога Грамаўніка (Перуна), якому прыпісвалася стварэнне вясновых навальніц і дажджоў. Пасля гэтага дня павінна была змяншацца сіла зімы: "На Грамніцы - паўзіміцы" ці "Як прыйдзе грамніцы - скідай рукавіцы". Грамніцы народ ўспрымаў як сустрэчу зімы з летам.
У вёсцы Пласток Любанскага раёна Беларусі раней традыцыйна рабілі свечкі ў кожным доме і імкнуліся іх асвяціць у царкве напярэдадні свята. Запальваліся свечкі ў выпадку гора ў сям'і, у выпадку неабходнасці ачысціць дом ці жывёлу, альбо хворага, свечкі запальвалі падчас навальніцы, каб маланка дом не спаліла.
У гэтым годзе 14 лютага ў Пластокскі сельскі дом культуры прыехалі паўдзельнічаць у Грамніцах яшчэ і жыхары вёскі Камуна Любанскага раёна.
Святочныя традыцыйныя гулянні ў вёскі Пласток пачынаюцца карагодамі: адна група ходзіць сваім карагодам, паказваючы лета, іншая група - сваім карагодам, паказваючы зіму. Усе сустракаюцца ў цэнтры вёскі, вітаюць адзін аднаго і выказваюць пажаданні аб будучыні лета. Спяваюць:
"У нас сегонне стрэчанне, стрэчанне. Зіма з Летам стрэлася, стрэлася. Лета Зіму піхнула, піхнула. І ножачку звіхнула, звіхнула. Пайшло Лета скачучы, скачучы. Зіма пайшла плачучы, плачучы".
Пакуль водзяцца карагоды і спяваюцца грамнічны песні, мясцовы мужчына ад "грамнічнай" свечкі запальвае невялікае вогнішча з саломы і шчапы - "жывы агонь", каб абараніцца ад злых духаў.
Вакол гэтага вогнішча ўсе водзяць карагоды, традыцыйна перакідваюцца паміж сабой блінамі. Бліны ў дадзеным абрадзе ўвасабляюць сонца. Жанчыны, каб вясне дарогу паказаць, выходзяць з блінамі і адзін аднаму перакідваюць бліны, рукамі іх не ловяць: "Няхай у снег упадзе, Сонейка снег тапіць пачне", потым бліны паднімаюць са снегу і вешаюць або закідваюць на дрэвы, каб падкарміць птушачак.
Потым качаюць упрыгожанае стужкамі і кветкамі кола ад калаўрота па вёсцы. Сталыя жанчыны камандуюць: "Дзяўчаты, каціце калясо-Сонейка па вуліцы, каб сонца на лета перакацілася, каб лецечка абудзілася!". Дзяўчыны качаюць па вуліцах упрыгожанае кола, перахапляючы яго адна ў адной.
Пасля дзяўчаты ідуць стукаць у "бляшанку" (кавалак бляхі) драўлянымі палкамі, часцей старым верацяном, драўлянымі лыжкамі, каб абудзіць бога-грамаўніка, які дапаможа лету ў барацьбе з зімой.
Ну а потым - усе за сталы на вясёлую вечарыну з народнымі песнямі і прыпеўкамі!
Чытайце таксама: